Даняў

Яшчэ не ацэнена

Жыў-быў пан, да казак ахвочы.
Заклікаў ён раз мужыка
I, з хітрасцю глянуўшы ў вочы,
Пускае такога жука:
— Глядзі, чалавеча, — дукаты.
Яны твае будуць усе,
Калі ты расказ вузлаваты
Раскажаш у поўнай красе.
Пры гэтым — каб праўды ні слова,
I калі я скажу: «лжэш»,
Тады ты — такая умова —
Дукаты сабе забярэш.
Прайграеш, дык будзеш мне вінны
I страціш ты славу сваю.

Мужык той быў казачнік слынны,
Вядомы далёка ў краю.
Зірнуў на дукаты
Наш баечнік скоса —
Як вырваць чырвонцы
З-пад панскага носа?
Як славу-пагудку
Сваю не зняславіць,
А пана самога
У дурні паставіць?
«Ну, што ж, папрабую
Дай, сіла ліхая!»
I ён небыліцу
Такую сплятае.
— Чаго не бывае на свеце, панок!
Выпадак і мне налучыўся.
Дванаццаты стукнуў тады мне гадок,
А я і на свет не радзіўся.
Пайшоў я на службу. Мяне багацей
Наняў пасвіць пчолы на лета.
Заклікаў мяне ён і кажа: «Мацей,
Ты цвёрда запамятай гэта:
Табе даручаю я сто адзін рой,
Пільнуй жа ты пчол маіх дбала.
На дзень іх два разы злічы і падой,
I каб ні адна не прапала!»
Я быў паслухмяны хлапец, увішны
I добры даглядчык жывёлы,
Я мёду надойваў цабры і збаны,
Мёд зносілі ў рэзгіні пчолы..

Зірнуў на расказчыка пан Дамінік:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

Дукаты ж, здаецца, палаюць ярчэй
I цягнуць прывабнаю хваляй,
I баечнік з грошай не зводзіць вачэй,
Свой сказ ён прадоўжвае далей.

— Лічу раз падвечар я пчолак — бяда:
Дванаццаці штук не хватае.
Ці ўгразлі ў балоце, ці знесла вада,
Ці сцежка заела крутая?
I што ж мне рабіці? Бяжы, брат, лаві!
Бягу я, аж бачу, саколю,
Ляцяць адзінаццаць, і ўсе ж у крыві,
Ды жаласна стогнуць ад болю.
А дзе ж яшчэ пчолка адненька? Няма!
Аж чую — раве за ракою!
Зірнуў туды гэта, гляджу — куцярма:
Населі ваўкі талакою.
Яна не даецца. Ваўкі ж, як слата.
I бачу — парвуць маю пчолку.
Лячу я туды, лячу наўскапыта,
Бягу ратаваці саколку.
Імчуся да рэчкі. Прыбег. Дзе паром?
Ніякай няма пераправы!
Не думаю доўга, іду напралом,
I за лоб я хоп сябе жвава!
Разгойдаў рукою сваю галаву —
I гоп-ля! за рэчку шпурляю.
Урэзаўся я на тым боку ў траву,
Па грудзі ў зямлю асядаю.

А пан абыяка бярэ на язык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Я так, я і гэтак — не вылезеш, брат!
Не выбрацца мне без лапаты.
Я зноў сябе кінуў за рэчку назад,
Бягу па рыдлёўку дахаты.
Бягу пералескам і чую — ў дупле
Засмажаны голуб варкуе.
А есці мне хочацца страх як! Але
Спыняцца тут — часу бракуе.
Аднак жа не ўцерпеў, палез я на дуб
I ў дзірку засоўваю руку.
Не ўлазіць рука ні нага а ні ў зуб.
Я выкінуў іншую штуку:
Я проста усім целам падаўся — залез!
Выцягваю голуба з дрэва.
Паслухаў — трасецца навокала лес.
Зямля ад пчалінага рэву.

А пан тым жа ладам і тонам пык-мык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Схапіў я рыдлёўку, за рэчку бягу,
Адкопваю сам сябе з долу,
Імчуся на помач пчале як магу
I прэч адганяю назолу.
Гляджу я — парвана ўся пчолка мая,
Ляжыць на зямлі чуць жывая.
«Эх, бедная!» — плачу над пчолкаю я.
Прыйшла ты, часіна ліхая!
Не жыць ёй на свеце. Махнуў я нажом
I — шась ёй па горле і квіта!..
Дванаццаць кадушак пчаліным дабром
Я высаліў — так была сыта.

А пан нічагуткі, дзівіцца не звык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Я пчолчына мяса даставіў дамоў,
Сам лёг адпачыць з паўхвіліны,
Ды сон не бярэ: мне на думкі прыйшоў
Хрыбет непрыбраны пчаліны.
Агледзяцца людзі — стаптана трава,
Валяюцца косці па пожні, —
Клясці мяне будуць. Я моўчкі — раз-два!
Шыбую на луг асцярожна.
Прыйшоў я, патупаў, бяру той шкілет
Дый думаю — ў рэчку укіну.
Бяру, падымаю, — пчаліны ж хрыбет
Упёрся у неба рабрынай!

Пан слухае казку, як злы чараўнік:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Вось тут я і скеміў, кажу сабе сам:
«А што, калі ўзлезці на неба?
Дык дай жа пабачу, што дзеецца там».
I лезу па рэбрах як трэба.
Дабраўся не хутка, ступіў на парог,
Гляджу я — сады і палаткі.
I бачу — старэчай паходкаю бог
Дыбае да божае маткі.
На лаўках цукровых садзяцца за стол,
Ім цень прыпадносіць бяроза.
I кажа бог, стукнуўшы палкаю ў дол:
«А можа згулялі б у воза?»
Прыслухаўся — чую ў палатцы адной
Пяюць прападобныя песні.
Туды іду ціха — не сочаць за мной,
Хоць ты там памры і ўваскрэсні.
Гляджу, а там п'янства, гармідар, кірмаш.
Закускі цягаюць кашамі.
Два лысых прарокі, Лысей і Гальяш,
П'юць бражку святую каўшамі.
Юзэфа, Барбара і Ганна —ўтраіх,
У туфельках, плешчучы ў ладкі,
«Лявоніху» рэпяць і цешаць святых,
Рох з Юр'ем ідуць упрысядкі.
Апостал жа Пётра, Кузьма і Дзямян
Гукаюць, тнуць песні-дрындушкі.
Угоднік Мікола як мае быць п'ян,
Ляжыць, заваліўшыся ў стружкі.
I шапка-карона спаўзла з галавы.
Я — цоп яе і — махні драла!
Імчуся назад я, бягу чуць жывы,
Гляджу — аж драбіна прапала.

А пан сваё цвердзіць упарта, як бык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— «Ну, як на зямлю мне дабрацца назад?» —
Мазолю я думкай галоўку.
Аж бачу — ляжаць пілавіны, і шмат.
Давай я тут віць з іх вяроўку.
Я вывіў вужышча, прыладзіў за рай,
На землю спускаюся лоўка,
Ды бачу — далёка зямля і наш край:
Кароткая выйшла вяроўка.
I што ж тут парадзіць? Я ножыкам — чык!
Адрэзваю кончык вужышча,
Прыточваю знізу... Кулдык ды кулдык —
I шусь на зямлю, ды ў іржышча!

А пан цэдзіць той жа нязменны свой зык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Я стаў разглядацца. Э, брат, не туды
Папаў ты, галубчык Мацейка!
Зямля — ды не наша! Такое брыды
Не бачыў араты і жнейка.
Навокала пуста. Ні рэк, ні раслін...
Пасецца ж свіное там стадка.
Гляджу — стаіць нехта, няшчасны, адзін,
Сагнуты, як той свіны татка.
Замурзаны, брудны, ну горш жабрака!
I пуга ў руках дратаванка.
А твар той аблуплен, і з-пад каўпака
Нос вытырк, нібы сапяжанка.
Гляджу — твар знаёмы. Прыгледзеўся —
Так:

Пазнаў я яго па каптане.
Ды гэты ж пахілак, худзенькі вахлак —
Нябожчык наш, бацька твой, пане!!!

I пан аж падскочыў, ускінуўшы раме:
— Быць то не можа! Лжэш, хаме!

Май

Яшчэ не ацэнена

Сышлі халодныя туманы,
Заслоны шэрыя смугі,
I недалёк ён, дзень жаданы,
Сусветны госць наш дарагі.

Як пасмы золата, праменні
Бруяцца з сіняй глыбіні,
I сеюць радасць поўнай жменяй
Іх жыватворчыя агні.

У ззянні песцяцца бярозы,
Галлё спусціўшы да зямлі,
I роняць сокі — шчасця слёзы —
На заімшэлыя камлі.

Вандроўнік-вецер выганяе
На неба статка лёгкіх хмар,
Ідзе ў абходы, аглядае
Зямлю, як дбалы гаспадар.

I ўсюды кіне сваё вока,
Шушукне штосьці хвайнякам
I падыхне, ды так глыбока,
Паблёклым травам, лазнякам.

Зямля ў надзеі ажывае,
Глядзіць красуняй маладой.
Ідзе жыццё насустрач Маю,
Ідзе вясёлай грамадой.

А разам з ім і мы ўсе чыста,
Дзятва савецкіх гор, раўнін,
Сустрэнем свята урачыста
I скажам дружна, як адзін:

«На барацьбу, народы свету!
За намі смела крок у крок:
Адна дарога ў нас і мэта —
Дзень вашай волі недалёк!»

Музей Якуба Коласа

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі