Ляжыць шырокая дарога,
Вакол прастор, і я іду,
Іду, нясу пачуццяў многа
I ясных думак чараду.
Уздоўж дарогі чынна з краю
Слупы стаяць у два рады,
I, нібы гуслі-самаграі,
Звіняць іх струны-правады.
Куды ні гляну — шыр і воля,
Дзе лес ды неба ставяць тын,
Нідзе мяжы не згледзіш болей,
I зніклі быльнік і палын.
Цвітуць палі ў адзенні новым,
Гадуюць новыя сады,
I нават вецер з-пад дубровы
Шуміць на новыя лады,
Глядзіш — узносяцца будынкі
То з той, то з гэтай стараны,
I цешаць вочы мне навінкі,
I сэрца радуюць яны.
Унь там, высока па-над долам,
Развесіў хвост купчасты дым,
I лічыць час калгасным сёлам
Гудок напевам маладым.
Па ўзгор'ю поля, па раўніне
Паўзуць сталёвыя валы.
Вядзе іх бойкая дзяўчына
Ці камсамолец удалы.
А тут, дзе ўчора багна прэла,
Гнілі век векам балаты,
Збажынка сёння зарунела
I спее колас залаты.
На тых жа багнах, дзікіх, сумных,
Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт.
На ім стаяць, бы тыя гумны,
Грамады чорных пірамід.
Ідуць калгасныя падводы,
Дабро вязуць грузавікі, —
I дзед стары, сівабароды
Падацца хоча ў юнакі.
Шумяць па-новаму дубровы —
На край свой любы мне зірнуць.
Цябе, зямля ў адзенні новым,
Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць!
Апошнiя водгукi
4 года 1 день назад
6 лет 24 недели назад
6 лет 29 недель назад
7 лет 19 недель назад
7 лет 26 недель назад
7 лет 34 недели назад
7 лет 38 недель назад
7 лет 49 недель назад
8 лет 7 недель назад
8 лет 23 недели назад