I
НАПРАДВЕСНІ
Надакучыла дзецям зіма:
Ім разгону зімою няма.
Маркотна Міхасю,
Алесю і Ясю,
Валодзю, Андрэю
I ўсім, хто дурэе
I хоча разгону —
Ну, Юрку, Сымону,
Марынцы, Тацянцы,
Аленцы, Мар'янцы,
I Інцы, і Юльцы,
Натальцы, Ганульцы —
Ну, словам, дзяўчатам
I хлопцам,
Тым хватам.
Сагналі ахвоту на санках,
На лыжах, каньках і лядзянках.
Зімою забавы
Не дужа цікавы:
Марозы, завеі,
I нос пасінее,
Чуць выскачыш з хаты
На холад зацяты.
Хваробы зімою
Ідуць чарадою:
То свінка, ангіна,
Адзёр, шкарлатына
Ды біч-жываглыт
Люты, злы дыфтэрыт...
Надакучыла дзецям зіма,
I чакае вясны іх гурма.
II
Налучыла зімою Міхася бяда:
Захапіла Міхася хвароб чарада.
Прыстала ангіна,
А потым адзёр.
Чуць-чуць з дыфтэрыту
Міхась не памёр.
Забіла дыханне,
I горла, і нос.
Ой, колькі пакуты
Міхась перанёс!
Ды ўсё ж далі рады
Яму дактары.
Вакцыну ўлівалі
Не менш разоў тры.
Каб не вакцына,
Памёр бы хлапчына.
I дні і нядзелі
Ляжаў у пасцелі
Слабенькі,
Худзенькі,
Малы Міхасёк,
Як падкошаны той васілёк.
I высах жа, бедны!
А тварык стаў бледны,
Празрысты, бы з воску.
Доктар дзіцячы
Лячэнне прызначыў —
Адправіць Міхася на вёску.
Паветрам гаючым
I сонцам бліскучым
Міхасевы сілы ўзмацніць.
На ўлонні прыроды
Такія прыгоды,
Што ў горадзе нельга й сасніць.
Аб гэтых прыгодах якраз
I павядзецца тут сказ.
III
НА ЎЛОННІ ПРЫРОДЫ
Дзе ж Міхась знайшоў прыпынак
У свой летні адпачынак?
Адкажу вам за Міхася:
У пасёлку пры калгасе.
I мясцінка самавіта:
Там шумела морам жыта,
А ячмень, густы, зялёны,
Адбіваў усім паклоны:
Ветру, сонцу, дробным пташкам,
I кузуркам, і букашкам,
Мілым дзеткам — Насці, Стасю,
Ну, і нашаму Міхасю.
Для Міхася тут выгоды:
Тут сады і агароды,
Дзе цвітуць так пышна макі,
I дзіцячыя прысмакі:
Морква, рэпа спакусная, —
Рэдка хто іх абмінае,
I Міхась не раз украдкам
Завітае к гэтым градкам...
А якія тут пясочкі!
Проста цешаць яны вочкі
I, здаецца, клічуць самі:
«Пагуляй, Міхаська, з намі!»
Ну, як тут не пагуляць,
Не пабегаць мінут пяць,
Ды чаму не разгарнуцца
Ды ў пяску не скачануцца?
Бегаў тут Міхась, гуляў
Ды з пясочкам размаўляў.
Не — цікавая мясцінка!
Што ні крок, то ўсё навінка
I для вока і для вуха.
Ты глядзі сабе ды слухай,
Прыглядайся ды гуляй,
А дзе трэба — памагай!
Унь ускрай сядзібы
Конь паўзе сталёвы,
Рэжа лусты-скібы,
Хлебу тчэ асновы,
Поўніць шумам долы,
Дужы ды імклівы.
Ногі яго — колы,
Дым заместа грывы.
Вось які ён воін,
Адгадайце ж, хто ён?
Дзесь у лесе звонка
Граюць-трубяць трубы...
Рух, жыццё, гамонка —
Падзівіцца люба!
Тут Міхасю воля,
Тут прастор шырокі,
Любіць жа ён болей
Рэчку і затокі.
IV
Талька — слаўная рачушка,
Грунт яе пясчаны,
Бераг мяккі, як падушка,
Дзірваном засланы.
Луг квяцісты па ўзбярэжжы,
А трава, як лава.
Па грудах дубы, як вежы,
Паглядзець цікава.
А буслоў тых і не злічыш —
Цэлыя брыгады!
I такія іх абліччы,
Бы вядуць нарады.
Тут і чаплі, гусі, качкі,
I сіваваронкі.
Колькі шуму і гарачкі,
Спеву і гамонкі!
А звярніце вашы вочы
Вось у гэту Тальку:
Зачаруе каго хочаш —
Лёню і Натальку.
Тут убачыце вы
Свет вялікі, жывы
I дзіўны таксама.
Асабліва вось тут,
Калі ўзыдзеш на груд
Ды зірнеш на яму.
Гэта яма — ой, глыб!
Ну, а рыб жа тут, рыб —
Процьма незлічона!
Гэта яму, сказаць,
Азярком лепш назваць
Па яе разгону.
А як выйдуць ляшчы,
Хоць у ладкі пляшчы:
Проста, ну, як плашкі!
Шчупакі, як ваўкі,
I звычай такі
I ўсе іх замашкі.
Нерухома ў траве
Па гадзіне, па дзве
Тояцца, пражоры.
Бойся, язь, шчупака!
Лешч, не дай зевака,
А то будзе гора!
У такой глыбіні
Ёсць язі, акуні,
Галаватні, плоткі.
А кялбоў і яршоў
I другіх малышоў
Не злічыць на соткі.
А як бухне тут сом —
Скаланецца кругом,
Ну, ўся азярына.
Вадзяныя кругі
Ліжуць, б'юць берагі —
Сом, відаць, махіна.
I страх забірае Міхася
I трошкі цікавасць, вядома:
Вось кінуць бы бомбаю ў сома,
Калі гэты сом на папасе!
V
РЫБАЦТВА
Забрала Міхася турбота,
Падшыбла Міхася ахвота,
Аб гэтым сказаў ён і маме:
Рыбу павудзіць на яме.
Юрка ссукаў яму лёску,
Ванька зрэзаў бярозку —
Выйшла вудзільна «на пяць»,
У рукі было што узяць.
Кручок, паплавок адмысловы —
Былі там майстры і галовы,
I быў у іх творчы размах,
Рабілі яны не за страх.
Затое ж і вуда — адна любата!
Ну, сцеражыся цяпер, драбната,
Рыб'я сямейка,
Ёрш і уклейка!
Не адзін Міхась на яме:
Тут, паўз берагу ракі,
На спаборніцтва з яршамі
Селі чуйна рыбакі.
Лёнька тут са стражы,
Хлопчык нехлямяжы,
Тут і Ванька з будкі,
Дасціпны і гнуткі,
I Аўсейчык Мішка,
Паўлік, Цішка, Грышка,
Хоць сабе малыя,
Але удалыя.
Закідаюць свае вуды,
Хто не хлеб, на чарвяка,
Не глядзіць ніхто нікуды,
Воч не зводзіць з паплаўка.
I хвалююцца нямала,
Нашы хлопцы-рыбакі,
Чуць-чуць рыбка заклявала,
I заскачуць паплаўкі.
Тут патрэбны спрыт, снароўка
I характар клёву знаць.
Трэба ўмець у часе лоўка
Рыбку хітрую падняць.
Прыглядаўся Міхась,
Як клюе плотка, язь,
Ёрш, і лешч, і яльчык.
I бывала ярша —
Вы не смейцеся, ша! —
Выцягне ён з пальчык!
Ды што ёрш? — акуня —
Гэта вам не гульня —
На кручок падчэпіць!
I пры гэтым не раз
Слова скажа ці сказ,
Як у сцену ўлепіць.
Раз здарэнне было —
Шчупака з паўкіло
Выцягнуў, яй-права!
Ну ж і радасць была!
Абышла з паўсяла
Пра Міхася слава.
А той момант, калі
Быў шчупак на зямлі,
Не забыць ніколі.
Адкусіў ён кручок,
Гэты гад, шчупачок,
Лежачы на доле.
Быў тут страх, крык і смех,
I Даніла падбег
Памагаць Міхасю.
А Міхась ужо сам
Адзін справіўся там,
I справіўся ў часе!
VI
Раз Міхаська быў на яме.
Сеў сабе на беражок.
Там пясочак, муражок,
Азярко само, бы ў раме, —
I высокая трава.
Збоку роўны вал чыгункі,
Мост жалезны над вадой,
Дзе вагоны чарадой
На вадзе кладуць рысункі
Ды бягуць, ды грукацяць,
I Міхася весяляць.
Ён сядзіць і пазірае,
Як варушыцца вада,
Дзе рыб ходзіць грамада,
Як на сонцы яна грае,
Як у букце пад кустом
Баўтане шчупак хвастом.
Тыя ж ластаўкі-вяртушкі
У надводнай цішыні
Не нацешацца з гульні
Ды такія ладзяць гушкі,
Весялушкі,
Шчабятушкі,
Што ніякі акрабат
Не патрапіць ім у лад.
Вот адна імкне стралою
I адразу звысака
Бух на ўлонне азярка
Дужкай спрытнай, удалою!
Ды так лоўка па вадзе
Рыску крыльцам правядзе.
Пазірае Міхась
На гэтыя з'явы,
Аж выпадак адзін,
I дужа цікавы.
Ад Міхася збоку,
Так на сорак крокаў,
Нейкі дзядзька-рыбак
Вартаваў жыўцоўку.
Ён ляжыць і курыць
Ды вачэй не жмурыць —
Ці не возьме шчупак
Плотку за галоўку.
Плотка — нішто цётка,
Каля фунта будзе,
А сама на вудзе.
Прывязь ёй каротка,
Але шнура ніяк
Распусціць не можа.
I вось бачыць Міхась —
Па вадзе нешта шась!
Пэўна плотцы шчупак
Штось зрабіў нягожа.
Аж глядзіць — не тое,
Нешта больш дзіўное,
Ды па версе вады
Сучыць, нібы палка.
Але раптам убок
Верне дзіўны плавок —
Ну якраз жа туды,
Дзе сядзіць Міхалка!
Як зірнуў наш Міхась —
Вуду вобземлю бразь!
— Вуж... Браткі, вось штука!
— Вуж плыве! Дзядзька, вуж!
— Стой ты, хлопча, не руш,
Можа то гадзюка!
Вуж у бераг паплыў
I аір абкруціў
Скруткам нерухліва.
А сам страшны такі!
Спіна ўся і бакі
Рыжыя на дзіва.
Падбягае рыбак
Ды хапае кіяк.
— Гэта ж, брат, гадзюка,
I такая злюка!
Сцеражыся, браток,
Адыдзіся ў куток!
Размахнуўся тут дзядзька калом,
Раз — прамазаў! Другі!
Разгарнула гадзюка кругі,
Павярнулася ўверх жыватом.
Падчапіў яе дзядзька на кол,
З вады вынуў на дол,
На пясок, на траву,
Распляскаў ёй ушчэнт галаву,
I каб больш не было нават паху,
На агонь палажылі кусаху!
VII
ЯГАДЫ
Пранеслася чутка
Па калгасных хатах,
Што суніц у лесе
Нарасло багата,
Што зямля ад ягад
У чырвоных плямах,
Што іх дужа многа
У Ласіных ямах.
«Што гэта за ямы?
I чаму Ласіны?» —
Сам сабе пытае
Розум той дзяціны.
А пра лес Міхась чуў
Проста дзівы-байкі,
Што там ёсць і белкі,
I ласі, і зайкі.
Нават ёсць мядзведзі,
I ваўкі, і вепры,
I што страх якія
Ёсць у лесе нетры,
Зараслі густыя,
Пасекі, балоты...
Хочацца Міхасю
Ў лес зрабіць залёты...
Апала раса. Гарачыня.
Хмаркі, як пух лебядзіны.
Адпачывае далечыня,
Песцяцца ў сонцы лядзіны,
Гудуць авадні й камары.
Прэюць між лесу балоты.
У лесе глухмень. Ціха ў бары.
Спяць над канавай чароты.
Пад навіссю дрэў, як баразна,
Легла далёка канава.
Дзівота, зірнеш, і навізна —
Дужа Міхасю цікава!
Унь выварат-корч. Страшны такі —
Вусы і губы і вочы,
А корань узнят замест рукі,
Нібы схапіць цябе хоча!
Звісаюць імхі з хвой тых, як шоўк.
Можа, чые то бароды?
Ўглядаецца — ша! Там ці не воўк?
Ці не мядзведзь за калодай?
Міхась не адзін, ён і смяляк:
Воўка біць палкай гатовы!
I палку бярэ хлопец няўзнак,
Кій сукаваты, здаровы.
Але іх шчасце — збеглі звяры,
Заяц не высунуў носа.
Схаваўся і ліс дзесь у нары —
Даў бы Міхась ім тут чосу!
Расступіўся лес
Ды ва ўсе бакі,
А на пасеках —
Ух, прастор які!
А трава, трава!
А кусты, кусты!
А навокал хмыз,
Ды густы-густы!
А па купінах,
Каля пнёў, лам'я
Чырвань спелая,
Тых суніц сям'я,
Нібы ўсыпана
Тут каралямі,
I глядзяць яны
Кралі-кралямі —
Сакавітыя,
Як налітыя,
Ды ўсе ладныя,
Ды панадныя.
У паветры пах
Ад іх носіцца,
Сама ягада
У рот просіцца.
Прыступілі да збору суніц-
Чараўніц,
Захапіліся зборам усе
Пакрысе:
Данік і Юра
I Жэня-панура,
Оля і мама
I Міхась наш таксама, —
Сунічку сашчыпле,
Зірне, паварожыць,
Але не ў кубак,
А ў роцік паложыць.
Кошык у мамы —
Тры чвэрці даўно,
А ў Міхася яшчэ
Не закрыта і дно.
Затое ж Міхасевы
Губы і шчокі
Раскрасілі ў чырвань
Сунічныя сокі.
Ён ходзіць мурзаты,
Навокал глядзіць.
Вось дзяцел стракаты
На дубе сядзіць.
А там, над балотам,
Сарокі трашчаць.
Прапала ахвота
Суніцы збіраць.
I хмыз надакучыў,
Трава і кусты,
I руку намучыў
Той кубак пусты.
На сонцы — спякота,
Ў цяні — камары.
Ну, што за ахвота
Хадзіць па жары?
Пасадзілі Міхася на пень
У цяні.
Нацягаўся Міхаська за дзень —
Аддыхні.
Падмацуйся хлябком, галубок,
Пасядзі!
Кошык ягад вось тут і збанок —
Паглядзі.
Набяром ягад кубачак твой
Мы няўзнак.
Міхась толькі кіўнуў галавой —
Няхай так.
Важна сеў Міхась на пні
Між бярозак у цяні,
А суніцы, як блазніцы,
Сталі хлопца спакушаць,
Араматамі дышаць.
А якія сакаўныя!
Проста капае з іх сок,
I цукеркі тут набок!
Хіба ўзяць папрабаваць?
Прысеў Міхась над кошыкам —
Суніц там аж за край,
А аборшчыкі за пошукам —
Збіраюць — ну, няхай.
Міхаська забаўляецца —
Па ягадцы ды ў рот.
Суніц не прыбаўляецца,
Хутчэй наадварот.
Такія ж, брат, салодкія —
Ну, проста не ўтрываць!
Размовы тут кароткія —
Яшчэ дай спрабаваць!
I ён зачэрпнуў жменяю.
Зачэрпнуў раз, другі.
Сунічак меней, меней —
Апалі берагі...
Эх, збіўся ты з капыціка,
Міхаська-галубок!
... Прыходзіць самакрытыка
Разблытваць той клубок,
I давай Міхась
Выходзіць з бяды —
Узмяшчаць прарыў
Ды хаваць сляды.
Узяў кошык ён
I пачаў трасці,
Каб суніц вяршок
Мог са дна ўзрасці.
Страсяне, зірне —
Вось праявіна:
Яшчэ большая
Ў кашы яміна!
Трос іх, трос Міхась —
Праца марная,
Ці работа ўся
Не ударная?
Толькі сок пацёк
З таго кошыка,
А карысці той —
Ні паўгрошыка.
Ён ізноў трасе.
Строс іх, збіў няўзнак
У чырвоны сыр,
У густы камяк.
Паставіў ён кошык на пень,
Куды хочаш, яго туды дзень.
Вось бяда, дык бяда.
Нецікавая!
I чакае Міхаська суда
I расправы.
Невясёлы сядзіць,
Бы ў цямніцы.
Лепш было б не хадзіць
У суніцы.
I чуе Міхаська: «Го-го-о!»
Міхась адгукнуўся: «Чаго-о?»
А голас яго невясёлы,
А вочы апушчаны к долу.
Ідуць маці, Данік, Юра...
Ну, пачнецца зараз бура!
Прыйшлі. Як зірнулі на кош
Малюнак не дужа прыгож:
Ягады ў камяку,
Кош увесь у саку.
Сок расцёкся наўкруг,
Стаў прыманкаю мух.
А Міхась — мурзаты,
Выгляд вінаваты.
Напаў на Міхася Даніла:
— Сякі і такі ты, дурыла!
Ты — шкоднік,
Нягоднік!
Што ж ты нарабіў?
Чуць Міхася не біў!
I Юркавы чуліся словы:
— Сякі і такі, безгаловы.
Вушы яму адарваць!
У лес яго болей не браць!
Міхась апусціў вачаняты
I маўчыць — вінаваты!
Здорава бралі Міхася,
Покі злосць уляглася.
А маме дык стала
Міхаські шкада.
— Ну, годзе крычаць вам!
Такая бяда!
Утрэсваў іх трошкі,
Рабіў не назло —
Каб болей сунічак
У кошык вайшло...
Прызнайся, Міхаська, ты мне:
Так было гэта ці не?
Павесялеў наш бядак,
На запытанне адказвае: «Так!»
Дадому ішлі, жартавалі,
I ясны Міхасеў быў твар,
Хоць жартам яго і празвалі —
Ягадны спец-сыравар.
VІІІ
ГРЫБЫ
Адышлі суніцы,
Выбралі чарніцы,
Перастала рыбка
Брацца на кручок.
Ідуць у бр'усніцы
Дзеўкі, маладзіцы,
А Міхася цягне
Бор і хвайнячок.
Дарыць бор сасновы
Падарунак новы:
Сталі паяўляцца
Па лясах грыбы.
Ды ці знойдзеш словы
Апісаць іх сховы —
Хвайнякі, палянкі,
Беразняк, дубы,
Апісаць дарожкі,
Дзе хадзілі ножкі
Грыбнікаў заўзятых,
Ну, як наш Міхась?
Пачакайце трошкі —
Абмінем парожкі,
Грыбнікоў заўзятых,
I пяскі, і гразь.
Эх, як слаўна ў лесе,
У зялёнай стрэсе,
Дзе сукі-галіны
Вывелі шатры!
У шатры-навесе
Вы наглядзіцеся,
Як жывуць, якія
Ёсць там жыхары...
Ды ўжо лепш у часе
Вочкамі Міхася
Паглядзець на з'явы,
Што даюць лясы.
Слухай, Валік, Тася,
Ты, Алёнка, Вася:
З кошыкам Міхась наш
Ідзе ў верасы.
Не адзін ён — з татам,
Дружба іх заўзята;
Аднаму ж малому
Лёгка заблудзіць.
Ды і страшнавата.
А лес так зацята
Цёмнаю гушчэчай
На цябе глядзіць!
Грае чырвань на усходзе,
А Міхась ужо ў паходзе,
У руках кашолка, нож —
Без нажа грыбнік не гож.
Разгарнуўся ва ўсе бокі
Па узгорках лес высокі,
I такі прыемны пах:
Як нюхнеш, дык скажаш: «Ах!»
А імхі — зялёны, белы —
Рассцілаюць коўрык цэлы.
Ускрай сцежак — верасок,
На дарожцы — бель-пясок.
Хто ні пройдзе па трапіне,
На пясочку след пакіне.
А чые ж гэта сляды?
Хто ішоў тут і куды?
Ды якія кіпцюрышчы!
Гэта, пэўна, след ваўчышчы.
— Тата, глянь, зірні сюды:
Ці не воўчыя сляды?
Міхасёк сляды чытае.
Што не ясна, запытае.
Паглядзелі — так і ёсць:
Воўк ішоў, нязваны госць!
I Міхасю страх цікава.
Ён ідзе, бяжыць рухава,
Галасок яго звініць —
Ёсць аб чым пагаманіць.
Лес патроху ажывае,
Ды гамоніць, ды спявае.
Свішча тонка арабок,
Там варкуе галубок.
Цецярук, як пад зямлёю,
Дзесь такуе за гарою.
А дзятлы, як дактары,
Бор выслухваюць стары,
Ды, прысеўшы на галіне,
Б'юць насамі па хваіне.
А вунь там, на стромкай елі,
Дрозд выводзіць свае трэлі,
Сойкі голасна крычаць,
Ястрабы ў гняздзе пішчаць.
А там нейкі абармот
Нібы дражніць: «Дод! дод! дод!»
Выйшлі на поле
Каля Загібелькі.
Рэдка пабачыш
Гэткай зямелькі:
Суха і чыста,
Вымецена нібы,
Вёска на горцы.
Дрэвы ўскрай сядзібы.
Важна стаяць там
Дзядзькі-азяроды,
Дбала вартуюць
Гумны, гароды.
Буслы на хвоях
Маюць свой будынак,
Вуллі-калоды
Там знайшлі прыпынак.
Хвойнік навокал,
Ды густы, як шчотка.
Бор і пралесак
Між ім, як бародка.
Лес і пералескі
Разам з хвайнякамі
Страх як багаты —
Чым? — баравікамі!
Шапкі іх чорны,
Самі яны крэпкі:
Возьмеш у руку —
Гіпсавыя злепкі.
Звярнулі з дарогі ў барок,
Агледзелі першы грудок —
Пуста, адны мухаморы.
Вось горка. На горцы пясок.
Яловец. Сям-там верасок,
Сям-там равочкі-разоры.
I чуецца радасны крык —
Гукае Міхась: «Баравік!»
I сам прысядае на дол
Ды вочкамі водзіць вакол.
Аж зірк — між калюшак
Другі капялюшык!
I што за асоба!
Краса і аздоба!
Не чорны — хутчэй сіваваты.
Дзябёлы, таўсматы,
На ёмкім камлі
Сядзіць пры зямлі,
Як нейкі асэсар
Ці важны прафесар.
Ну, проста не зводзіў бы воч!
Аж глянуў — і трэці наўзбоч!
I радасць Міхася забрала,
Міхасева сэрца ўзыграла.
Ён радасны справіў галас:
— Сюды ідзі, тата!
Грыбоў тут багата —
Баравіковы калгас!
Акрыяў яго дух,
Забраў яго рух.
Ён тупае, ходзіць,
Вачэй з іх не зводзіць,
Разгортвае шышкі.
— Ну, што ж?
Ідзіце, брацішкі,
У кош!
Ды грыбнік Міхась наш не просты:
Спрыяе ён грыбнаму росту —
З карэньчыкам не вырывае,
А ножыкам — чык!
Каб вырас другі баравік:
Ад корня нітка адыходзіць жывая,
А з нітачак гэтых,
Што йдуць ад карэння,
Новае выйдзе
Грыбоў пакаленне.
Вось у чым штука,
Грыбная навука.
Хадзілі па горцы
Туды і сюды,
Хавалі на выраст
Грыбок малады,
Ростам з арэх —
Браць такіх грэх...
Багатая тут ім
Спажыва была:
Грыбоў каля сотні
Ім горка дала!
Ды што за грыбочкі
На горачцы той!
I горку назвалі
Яны «залатой».
Другія мясцінкі
Пайшлі аглядаць,
Дзе водзіцца гэтая
Грыбная знаць:
Груды, пералескі,
Ускрайкі баркоў,
Дарожкі і сцежкі
Паміж хвайнякоў.
Снуюць, аглядаюць,
Ну, кожны гарбок,
Уздушынку дола,
Галінкі, ламок.
I бачыць Міхаська —
Мільгнуў баравік!
Ён весь захадзіўся,
Як той рухавік.
Падбег, прысядае
Ды зорыць, як хорт.
Аж глянуў — паганка!
Бадай цябе чорт!
Такую зрабіла абразу!
Ўзлаваўся Міхась,
З коранем вырваў паганку-заразу
Ды аб пень яе лясь!
А сам азірнуўся,
Малы наш буян,
Ці бачыў хто ў лесе
Яго той падман?
А следам за гэтым
Другая праява,
Хоць смешная трохі,
Ды болей цікава.
Вось грудок
Пажарок —
Лес гарэў калісьці.
Бачыць — лом,
Моху ком
I сухое лісце.
Можа, тут
Шалапут
Баравік стаіўся?
Ды не вер,
Брат, цяпер:
Раз ужо змыліўся!
Ён зірнуў,
Карпануў
I назад адскочыў.
Там залёг
У бярлог...
Што ж то за клубочак?
Не сцярпеў,
Паглядзеў,
Што ж гэта быць можа?
I пазнаў,
Загукаў:
— Тата, а вось вожык!
Вожык звіўся ў клубок
I маўчок —
I ні чхне, хітруга.
Дай жа глянуць, дружок,
Галубок,
Што ты за звяруга!
Пакажыся ты нам
Сам-насам,
Без сваіх іглятак.
Раскапалі, а там —
Трое важанятак!
I калючачак пук,
I ні ног, ні шыі.
А бадай іх кадук —
Смешныя ж якія!
Пацешыўся з іх наш хлапец
Ну і стварэнні на свеце!
Закрыў ён курганік-капец
I сказаў ім: «Жывеце».
Агледзеўшы ўсе хвайнякі,
Грыбныя мясціны,
Груды, раўчавіны,
Ідуць у барок грыбнікі.
Цікавае месца барок:
Таўшчэзныя хвоі
Стаяць у спакоі
I ўвесь аздабляюць лясок.
Навокала вольны прастор,
I тут іх сямейка,
Сасняк-самасейка,
Як шчотачка паверсе гор.
I любіць Міхаська барок
I хвою старую,
Што хлопца чаруе
I здзіўлены пестуе арок.
А ладная хвоя,
Ну, варта зазняць.
Не здолеюць трое
Стан-комель абняць!
Кара — чарапіца,
Галіны — шатры.
Рунее ігліца,
Як жыта, ўгары.
На ёй спачывае
Бліскучы прамень —
Усмешка жывая,
Што дарыць ёй дзень.
У кроплях расінак,
Як сонца зірне,
Мільёны іскрынак
Гараць на сасне.
Калі ж замірае
Падвечар абшар,
На хвоі іграе
Багрысты пажар.
I ўсе яе шаты,
I навісь галін,
I комель шурпаты —
Рысунак адзін.
Пазірае Міхаська на хвою,
На загнутыя ў кольцы сукі —
У прыроды свае мастакі! —
На шацёр над яго галавою.
I цікава — сукі і галіны
Больш развіты з адной стараны —
Любяць сонца, відаць, і яны,
К поўдню цягнуцца з гэтай прычыны.
Тут Міхась адпачывае
Ды любуецца барком,
Хвояй і баравіком,
Што «рэкордным» называе,
I, на белым сеўшы моху,
Лічыць ён баравікі —
Штук за сто. Трафей які!
Ды сілкуецца патроху.
А як прыйдзе ён дадому
Ды на сена ляжа спаць,
Лес уявіцца малому,
А ўваччу грыбы стаяць.
IX
УСПАМІНЫ АБ ГОРАДЗЕ
Замаркоціўся лясок,
Змоўк птушыны галасок,
Глуха стала ў полі.
Травы, краскі адцвілі,
Ходзіць вецер па зямлі
Ды чагось скаголіць.
Патускнела яснасць дзён,
Хмары сцелюцца, як лён,
Ды звісаюць нізка.
Залягае, як туга,
На твар далечы смуга —
Восень блізка, блізка.
Ужо шле яна паслоў
Па гусей і па буслоў —
Час ім, час у вырай!
Шлях ім трудны, немалы,
Гуртам радзяцца буслы —
Шырай крыллі, шырай!
Апусцеў разлог палёў,
Трактар песню зноў завёў
Громка, дзелавіта:
«Эй, калгасны вольны люд!
Будзе твой аплачан труд —
Сей жа ў часе жыта».
Каля хаты цёткі Каці
(Стаіць хата каля гаці,
Дзе на мост ідзе дарога)
Для дзяцей прастору многа
Тут грудок ёсць, ды сухі
I утульны, хоць глухі.
На грудку пясок-жаўток.
Любяць дзеці той куток.
Гэта тут Міхась гуляў
Ды з пясочкам размаўляў,
Ладзіў печы і пячуркі,
Падкапаўшы беражок,
Насыпаў пяску стажок,
Пёк «аладкі» і «мазуркі».
А цяпер другі малюнак.
Тут дзіцячы карнавал.
Між дзяцей і наш Міхал.
Ён разгортвае рысунак
Ды расказвае дзятве,
Чым жа горад той жыве,
Чым ён слаўны, чым багаты,
Як у ім праводзяць святы,
Дні Кастрычніка і Май,
Як там б'е жыцце праз край.
Слухачоў у Міхася багата —
Паглядзі ды злічы.
Хто ж яго слухачы?
Тамара, Агата,
Стэфка, Юзэфка,
Кандрат, Ігнат,
Дзямян, Сцяпан,
Пятрок, Змітрок,
Будачнікаў двое
Ды Сіняўскіх трое,
Пасынак Ахрэмаў
I таксама Эма,
Ну, дачка Хаметы,
Была на час гэты.
I ўсе слухаюць Міхася,
Прытаіўшы галасы,
Не зважаючы на тое,
Што сваволяць іх насы.
У прамоўцы цюбецейка
Чуць трымаецца,
Галасок жа салавейкам
Разліваецца.
Лён-валосікі ды ў кольцы
Пазакручаны.
Пазайздросцяць хлопцы-гольцы
Такой штучыне.
Нос кірпаты троху ўгору
Задзіраецца,
Як акенцы, вочы-зоры
Расчыняюцца.
Ён расказвае
I паказвае
Рухам губ і рук,
Як трамвай ідзе,
Як тады гудзе
Маставіна-брук.
А дадуць званок —
Уцякай, браток,
Не страляй варон!
Сцеражыся, брат,
Хоць які ты хват,
Бо там рух-разгон!
Тут азваўся Кандрат
I сказаў, ды не ў лад,
Недарэчы,
Абы толькі пярэчыць:
— А я стаў бы і не бег,
Хай сабе б званілі!
Паднялі Кандрата на смех,
Кандратаву дзёрзасць разбілі.
Ты, Кандрат, уважай:
Там не месца хвату,
Наляцеў бы трамвай —
I каюк Кандрату!
Міхась жа на гэтую самую тэму
Разгортвае далей паэму...
...I не толькі трамвай —
Ёсць аўтамабілі.
Жыгануць, так і знай —
Адсякуць паўмілі!
А якія гудкі,
Каб вы зналі, браткі!
Грузавік,
Ну, як бык,
Зараве — гу-гу!
Легкавы,
Больш жывы,
Гэтак гукне — рру!
— А у нас, —
Адазваўся Ахрэмаў Панас, —
Ёсць жа тры
Трактары!
Вось гудуць —
Дык гудуць!
Ды барозны вядуць
I аўса не ядуць!
— Трактары — гэта што!
А ці бачыў з вас хто
Танкі і танкеты?
А ёсць танк-бранявік,
Што, як хмара, вялік,
Большы за дом гэты!
Вось калі ён ідзе,
Дык зямля ўся гудзе,
Брук каменны гнецца.
Ён брыдзе па вадзе,
I не спыніш нідзе —
Лес пад ім кладзецца!
Не баіцца балот,
Ломіць плот ды рве дрот,
Вось як павуціну!
I на вочы свае
Сам я бачыў яе,
Гэтую машыну.
Авалодаў Міхась грамадою
I пра майскі парад
Робіць цэлы даклад —
На парадзе ён сам быў вясною.
Там стралялі з гармат
Разоў дзесяць падрад —
Бух! бух! бух!
Навакола збіўся народ.
Рушыла войска ўпярод.
I пачаўся рух:
Кавалерыя,
Артылерыя,
Бясконцыя роты
Пяхоты.
А гарматы ж! Якія гарматы!
Вораг гляне на іх — дух у пяты.
Жарало,
Як дупло
Спаленага дуба.
Не чапай
Ты наш край —
Будзе табе згуба!
Вязуць іх машыны і коні,
Зямля пад імі гамоніць.
Рушылі танкі адзін за друтім,
Глядзіш — і канца няма ім!
Тачанкі пайшлі, кулямёты,
Танкеткі, ўгары самалёты,
Ды такія ж ужо штукары:
Рэжуць надземныя нетры,
Робяць мёртвыя петлі ў паветры
Ды сыплюць лістоўкі згары.
Ляцяць яны, як галубкі,
А вецер іх горне ў клубкі,
А яны ад яго — латата.
Зірнуць — адна любата!
За войскам пайшлі саюзы,
Вузы
I втузы.
Іх сцягі — як макі,
А надпіс — усякі.
Мільгаюць плакаты:
Буржуй на плакаце пузаты,
Кулакі і папы,
Ды такія, што ўбачыць сляпы —
Чэрава — ну, на траіх!
Галёканне, смех каля іх.
А трубы грымяць —
Тра-ра-ра!
I крыкі гучаць —
Ура!
На другі ж дзень Мая
Горад выглядае
Трохі ўжо іначай.
Грамадой вясёлай
Ідуць вучні з школаў
I з садоў дзіцячых.
Эма не ўтрывала,
Тут жа запытала
I Міхасю ў рукі
Козыр дала лішні:
— Ну, а на парадзе
У дзіцячым садзе
Грушы ёсць і вішні?
— Не ведаюць сада
Ці не дзівакі?
Ды гэта ж як школа,
Гэта дом такі.
Міхась забывае
Вучнёўскі парад,
Тлумачыць,
Што значыць
Дзіцячы іх сад.
У дзіцячым садзе
Ты ў цяпле, даглядзе,
Прыйдзеш рана-рана,
Там усё прыбрана,
Хораша і чыста,
Аж блішчыць падлога,
Дзетак многа-многа —
Шумна, галасіста.
А каб мець зарадку,
Зоймуцца спачатку
Дзеці маршыроўкай.
Цёця ім іграе,
Армія ўдалая
Маршыруе лоўка.
У дзіцячым садзе
Цёці — Ніна, Ўладзя —
Свая ў кожным класе.
З дзецьмі там гуляюць,
Песні, байкі баюць,
Ды ўсё ў сваім часе.
А перад ядою
Чыстаю вадою
Дзеці мыюць рукі —
Снедаў ці абедаў,
Каб парадак ведаў
Першае навукі.
Самі за сабою
I за чыстатою
Пільна сочаць дзеці.
Самі ж і дзяжураць,
Неахайных жураць —
Чыстаты глядзеце!
Глянуць табе ў вушы —
Брудна — марш пад душы,
Вымыйся як трэба.
Чыстата, парадак
Без усякіх звадак —
Першая вучоба.
А потым — работа,
У каго да чаго ахвота.
Ну, возьме хто цацкі,
Дом выстраіць хвацкі
З кубікаў розных, брускоў,
З дошчачак, з іншых кускоў.
Ёсць і канструктар такі —
Што хочаш складай:
Трактар, трамвай.
Аўтамабіль, ветракі...
Ці гуртам складаюць
Завод, маўзалей —
Гуртам работа
Яшчэ весялей.
А часам змайструюць астрог,
Каб шкоднік больш шкодзіць не
На страх кулаку і буржую —
Не разяўляўся на працу чужую!
А ў час неспакойны
Наладзяць і войны.
Хочаш быць цэлы —
Не лазь да нас, белы!
Не ведаеш нашых ваяк —
Раскрышым у мак,
Стаўчэм у куццю,
I будзе вам, белым, ацю!
Ну, словам, у садзе
Табе не дакучыць:
Сад цябе песціць,
Сад цябе вучыць.
Слухалі Эма,
Пятрок і Ігнат:
Цікавая тэма —
Навіна ім сад.
Раскажуць бацькам сваім дома,
Што чулі пра сад ад Міхася.
Свой сад у іх будзе, вядома, —
Недарма быў Міхась у калгасе.
РАЗВІТАННЕ
Лецейка ты, лета!
Гучна песня спета.
Весела было!
Бралі поўнай чарай
Шчодрасць тваю, дары
Сонца і святло.
Цешыла ты дзетак
Ды ласкава гэтак —
Матчынай рукой:
Воляй маладою,
Цёплаю вадою,
Чыстаю ракою,
Полем і лясамі,
Спевам — галасамі
Ясных дзён тваіх.
Мыла іх расою,
Сонцавай касою
Уцірала іх...
...Чарай асалоду
Чэрпалі, як воду,
Поўнаю, за край.
Залатое лета!
Дык прымі ж за гэта
Шчырае «бывай»!
Я получила истинное
Я получила истинное удовольствие от прочтения и ещё раз убедилась в том что белорусский язык очень богатый и колоритный.
паэзія коласа дзецям
Добрыя ,смешнныя,павучальныя і цікавыя творы. Шкада,што цяпер так мала іх чытаюць і вывучаюць у школах.