Шлях старадаўні, вядомы ў народзе,
Лёг між прысадаў бяроз,
Пасмы іх спушчаных кос
Звіслі ў лісцяным жывым карагодзе.
Роўныя тоны іх мірнай размовы
Ціха над полем плылі,
I заміралі ўдалі
Песні спрадвечнай знаёмыя словы.
Побач гасцінца — лясы, лугавіны,
Мора зялёнае ніў,
Срэбраных рэчак разліў,
Лёгшых утульна пад зелені тынам.
Вёскі, мястэчкі абапал дарогі,
Дбалы, гасцінны народ,
Сад, паплавец, агарод,
Гай у сінечы, узгоркаў разлогі...
Век плыў за векам, мяняліся часы,
Шмат адбылося падзей.
Свет расчыніўся шырэй,
Новыя сцежкі пралеглі, як пасы.
Шлях жа спрадвечны з бярозамі ў згодзе
Так жа, як здаўна, ляжыць,
Краю гатовы служыць,
Тое ж ён носіць і імя ў народзе.
Шлях ты мой родны, гасцінец шырокі!
Лучыш ты два рубяжы:
Ўсход наш і Захад чужы,
Лёг ты спрадвеку праз нашы валокі.
Дай ты мне вестку аб людзях і краі —
Чым жа народ наш жыве?
Голас твой, чую, плыве,
Горы і долы, пустэлі мінае.
Часы ліхія насталі ў краіне,
Топча дарогі чужак,
Нішчыць дабро ваўкалак,
Чыніць расправы нямецкі звярынец.
Толькі ж не ведае вораг спакою —
Б'юць яго нашы байцы,
Ворагу будуць канцы:
Смерць яго сочыць з-за кожнае хвоі.
З Нёмана, Прыпяці, Свіслачы, Сожа
Носіцца голас наўсцяж:
Быў ён і будзе край наш,
Вораг закляты тут голаву зложыць!
Дружна паўсталі байцы-партызаны.
Помста — іх думка адна;
Знішчыць заразу да дна —
Ворагу месца пад дзікім бур'янам!
Вер мне, мой дружа: няпрошаным госцям
Заўжды такі ў нас пачот:
Выкінем нечысць за плот —
Месца ім хопіць на цёмным пагосце.
Чуеш, з усходу як громы грукочуць,
Выкурым гада з нары.
Родны гасцінец стары,
Хай жа твой голас ды будзе прарочы.
Апошнiя водгукi
4 года 1 день назад
6 лет 24 недели назад
6 лет 29 недель назад
7 лет 19 недель назад
7 лет 26 недель назад
7 лет 34 недели назад
7 лет 38 недель назад
7 лет 49 недель назад
8 лет 7 недель назад
8 лет 23 недели назад