Праз пяць гадоў я зноў наведаў Вусце,
Прытулак дум, абраны мой куток,
Дзе высіцца Вусцянскі мой грудок
I вецер лёгенька гайдаецца на кусце.
Іду на груд павольнаю ступою.
Сумотна мне, бо я цяпер адзін,
Мне шмат чаго прыходзіць на ўспамін,
I нікну я паныла галавою.
Грудок усё ж такі, як быў, прыветны,
Гваздзічка белая, чабор на ім,
Ды ўжо гляджу я поглядам другім,
Як дуб стары, астаўшыся бяздзетным.
Стаю, маўчу, мясціны аглядаю, —
Змяніліся, і трудна іх пазнаць.
Дубоў маіх паменшылася раць,
Як і людзей у родным нашым краі.
Бязлюддзе, ціш. Высокаю травою
Вусцянскія сялібы зараслі.
Бярэзнічак заняўся на зямлі,
Атульвае разложыстую хвою.
Дарожкі той, што бегла к Балачанцы,
Няма нідзе — згубілася ў траве,
У памяці ж маёй яна жыве,
Як шмат з таго, што знікла на палянцы.
I тых, з кім я так блізка быў знаёмы,
Ужо няма: хто выселіўся сам
К апошнім тым на свеце рубяжам,
Дзе крыж стаіць журботна-нерухомы;
Другіх вайна ў далёкі свет пагнала,
I многа іх не вернецца назад;
А трэціх вынішчыў, пабіў фашысцкі кат,
I родная зямля іх не прыбрала.
I ўсё мне тут, дзе вокам я ні кіну,
Нагадвае аб жорсткасцях вайны.
Знявечаны лясы, а параснік буйны
Жыве і тчэ спрадвечную тканіну.
Ідзе жыццё, буяюць яго сілы, —
Хай паспрабуе хто суняць яго, спыніць.
Снуе жыццё за ніццю сваю ніць,
I моцныя для ўзлёту яго крылы.
Я ведаю — загояцца ўсе раны:
З пажарышч край паўстане, расцвіце
Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце, —
Наш верны шлях, ён з праўдай павянчаны.
I толькі мне адно сягоння горка:
Няма таго, з кім думкі я дзяліў,
З кім тут стаяў, з кім я шчаслівы быў, —
Пагасла ты, яснюсенькая зорка.
Апошнiя водгукi
4 года 6 недель назад
6 лет 31 неделя назад
6 лет 35 недель назад
7 лет 26 недель назад
7 лет 32 недели назад
7 лет 41 неделя назад
7 лет 45 недель назад
8 лет 4 недели назад
8 лет 14 недель назад
8 лет 30 недель назад