Даняў

Яшчэ не ацэнена

Жыў-быў пан, да казак ахвочы.
Заклікаў ён раз мужыка
I, з хітрасцю глянуўшы ў вочы,
Пускае такога жука:
— Глядзі, чалавеча, — дукаты.
Яны твае будуць усе,
Калі ты расказ вузлаваты
Раскажаш у поўнай красе.
Пры гэтым — каб праўды ні слова,
I калі я скажу: «лжэш»,
Тады ты — такая умова —
Дукаты сабе забярэш.
Прайграеш, дык будзеш мне вінны
I страціш ты славу сваю.

Мужык той быў казачнік слынны,
Вядомы далёка ў краю.
Зірнуў на дукаты
Наш баечнік скоса —
Як вырваць чырвонцы
З-пад панскага носа?
Як славу-пагудку
Сваю не зняславіць,
А пана самога
У дурні паставіць?
«Ну, што ж, папрабую
Дай, сіла ліхая!»
I ён небыліцу
Такую сплятае.
— Чаго не бывае на свеце, панок!
Выпадак і мне налучыўся.
Дванаццаты стукнуў тады мне гадок,
А я і на свет не радзіўся.
Пайшоў я на службу. Мяне багацей
Наняў пасвіць пчолы на лета.
Заклікаў мяне ён і кажа: «Мацей,
Ты цвёрда запамятай гэта:
Табе даручаю я сто адзін рой,
Пільнуй жа ты пчол маіх дбала.
На дзень іх два разы злічы і падой,
I каб ні адна не прапала!»
Я быў паслухмяны хлапец, увішны
I добры даглядчык жывёлы,
Я мёду надойваў цабры і збаны,
Мёд зносілі ў рэзгіні пчолы..

Зірнуў на расказчыка пан Дамінік:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

Дукаты ж, здаецца, палаюць ярчэй
I цягнуць прывабнаю хваляй,
I баечнік з грошай не зводзіць вачэй,
Свой сказ ён прадоўжвае далей.

— Лічу раз падвечар я пчолак — бяда:
Дванаццаці штук не хватае.
Ці ўгразлі ў балоце, ці знесла вада,
Ці сцежка заела крутая?
I што ж мне рабіці? Бяжы, брат, лаві!
Бягу я, аж бачу, саколю,
Ляцяць адзінаццаць, і ўсе ж у крыві,
Ды жаласна стогнуць ад болю.
А дзе ж яшчэ пчолка адненька? Няма!
Аж чую — раве за ракою!
Зірнуў туды гэта, гляджу — куцярма:
Населі ваўкі талакою.
Яна не даецца. Ваўкі ж, як слата.
I бачу — парвуць маю пчолку.
Лячу я туды, лячу наўскапыта,
Бягу ратаваці саколку.
Імчуся да рэчкі. Прыбег. Дзе паром?
Ніякай няма пераправы!
Не думаю доўга, іду напралом,
I за лоб я хоп сябе жвава!
Разгойдаў рукою сваю галаву —
I гоп-ля! за рэчку шпурляю.
Урэзаўся я на тым боку ў траву,
Па грудзі ў зямлю асядаю.

А пан абыяка бярэ на язык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Я так, я і гэтак — не вылезеш, брат!
Не выбрацца мне без лапаты.
Я зноў сябе кінуў за рэчку назад,
Бягу па рыдлёўку дахаты.
Бягу пералескам і чую — ў дупле
Засмажаны голуб варкуе.
А есці мне хочацца страх як! Але
Спыняцца тут — часу бракуе.
Аднак жа не ўцерпеў, палез я на дуб
I ў дзірку засоўваю руку.
Не ўлазіць рука ні нага а ні ў зуб.
Я выкінуў іншую штуку:
Я проста усім целам падаўся — залез!
Выцягваю голуба з дрэва.
Паслухаў — трасецца навокала лес.
Зямля ад пчалінага рэву.

А пан тым жа ладам і тонам пык-мык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Схапіў я рыдлёўку, за рэчку бягу,
Адкопваю сам сябе з долу,
Імчуся на помач пчале як магу
I прэч адганяю назолу.
Гляджу я — парвана ўся пчолка мая,
Ляжыць на зямлі чуць жывая.
«Эх, бедная!» — плачу над пчолкаю я.
Прыйшла ты, часіна ліхая!
Не жыць ёй на свеце. Махнуў я нажом
I — шась ёй па горле і квіта!..
Дванаццаць кадушак пчаліным дабром
Я высаліў — так была сыта.

А пан нічагуткі, дзівіцца не звык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Я пчолчына мяса даставіў дамоў,
Сам лёг адпачыць з паўхвіліны,
Ды сон не бярэ: мне на думкі прыйшоў
Хрыбет непрыбраны пчаліны.
Агледзяцца людзі — стаптана трава,
Валяюцца косці па пожні, —
Клясці мяне будуць. Я моўчкі — раз-два!
Шыбую на луг асцярожна.
Прыйшоў я, патупаў, бяру той шкілет
Дый думаю — ў рэчку укіну.
Бяру, падымаю, — пчаліны ж хрыбет
Упёрся у неба рабрынай!

Пан слухае казку, як злы чараўнік:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Вось тут я і скеміў, кажу сабе сам:
«А што, калі ўзлезці на неба?
Дык дай жа пабачу, што дзеецца там».
I лезу па рэбрах як трэба.
Дабраўся не хутка, ступіў на парог,
Гляджу я — сады і палаткі.
I бачу — старэчай паходкаю бог
Дыбае да божае маткі.
На лаўках цукровых садзяцца за стол,
Ім цень прыпадносіць бяроза.
I кажа бог, стукнуўшы палкаю ў дол:
«А можа згулялі б у воза?»
Прыслухаўся — чую ў палатцы адной
Пяюць прападобныя песні.
Туды іду ціха — не сочаць за мной,
Хоць ты там памры і ўваскрэсні.
Гляджу, а там п'янства, гармідар, кірмаш.
Закускі цягаюць кашамі.
Два лысых прарокі, Лысей і Гальяш,
П'юць бражку святую каўшамі.
Юзэфа, Барбара і Ганна —ўтраіх,
У туфельках, плешчучы ў ладкі,
«Лявоніху» рэпяць і цешаць святых,
Рох з Юр'ем ідуць упрысядкі.
Апостал жа Пётра, Кузьма і Дзямян
Гукаюць, тнуць песні-дрындушкі.
Угоднік Мікола як мае быць п'ян,
Ляжыць, заваліўшыся ў стружкі.
I шапка-карона спаўзла з галавы.
Я — цоп яе і — махні драла!
Імчуся назад я, бягу чуць жывы,
Гляджу — аж драбіна прапала.

А пан сваё цвердзіць упарта, як бык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— «Ну, як на зямлю мне дабрацца назад?» —
Мазолю я думкай галоўку.
Аж бачу — ляжаць пілавіны, і шмат.
Давай я тут віць з іх вяроўку.
Я вывіў вужышча, прыладзіў за рай,
На землю спускаюся лоўка,
Ды бачу — далёка зямля і наш край:
Кароткая выйшла вяроўка.
I што ж тут парадзіць? Я ножыкам — чык!
Адрэзваю кончык вужышча,
Прыточваю знізу... Кулдык ды кулдык —
I шусь на зямлю, ды ў іржышча!

А пан цэдзіць той жа нязменны свой зык:
— Можа і праўда, свет жа вялік.

— Я стаў разглядацца. Э, брат, не туды
Папаў ты, галубчык Мацейка!
Зямля — ды не наша! Такое брыды
Не бачыў араты і жнейка.
Навокала пуста. Ні рэк, ні раслін...
Пасецца ж свіное там стадка.
Гляджу — стаіць нехта, няшчасны, адзін,
Сагнуты, як той свіны татка.
Замурзаны, брудны, ну горш жабрака!
I пуга ў руках дратаванка.
А твар той аблуплен, і з-пад каўпака
Нос вытырк, нібы сапяжанка.
Гляджу — твар знаёмы. Прыгледзеўся —
Так:

Пазнаў я яго па каптане.
Ды гэты ж пахілак, худзенькі вахлак —
Нябожчык наш, бацька твой, пане!!!

I пан аж падскочыў, ускінуўшы раме:
— Быць то не можа! Лжэш, хаме!

Рак-вусач

Яшчэ не ацэнена

I

Ну, пачнем мы казку так:
Жыў ды быў на свеце рак
З доўгімі вусішчамі,
З чорнымі вачышчамі,
Зыркімі, лупатымі,
З лапамі разгатымі,
Шырачэзны ў шыі,
Клешні — во якія!
А як вусам павядзе —
Страшна зробіцца ў вадзе!

Рыбкі хвосцікам мяльнуць
Ды галоўкамі кіўнуць.
I барзджэй наўцекача
Ад рачышчы-вусача.
А ён шыішчай трэп-трэп!
Жабка ў бераг — і ні шэп!

Страшны рак быў, грозны рак,
Як ушчэміць — будзе знак.
I баяліся яго,
Як няведама каго.
Пад карэннямі ракіты
Жыў той рак, вусач сярдзіты.
I ёсць загадка такая:
Ні смяецца, ні гукае,
Жыве ў бухце пад ракітай,
На ім світа,
Ды не сшыта,
Хоць кравец, ды не Мікіта,
Ідзе ў лазню камінарам,
А выходзіць — пыша жарам.

II

Ну ж і слаўна каля рэчкі!
I чаго на ёй няма!
Сітнякі стаяць, бы свечкі,
Тут маліна і парэчкі —
Розных ягад проста цьма;
Тут і лозы, і ракіты,
I чарот, і асака, —
Ну, як тыя аксаміты,
Вабяць вока рыбака.
А тых птушак і не злічыш:
Качкі, кнігаўкі, драчы,
I сам бусел-паляўнічы
Вас у госці тут закліча,
Жабу ў дзюбе несучы.
Тут жыве званар-камар,
Як балотны гаспадар,
Даўганосы, даўганогі,
Голас тонкі, а сам строгі.
У траве між чаратоў —
Колькі розных матылёў,
Бабак сініх і чырвоных:
Іх сукеначкі ў фальбонах,
Іх убор — іду ў заклад —
Закасуе ўсіх дзяўчат.
Весела на рэчцы
I траве, і кветцы,
I крылатым пташкам,
Мошкам і мурашкам,
I крыклівым дзеткам,
Асабліва леткам:
У рачулцы купаюцца,
У лясочку качаюцца.

III

Ой, бяда, бяда!
Мутная вада —
Спахмурнела рэчка:
Засмуціўся рак,
Стаў ён, небарак,
Ціхі, як авечка.
Не варушыць вусам,
Лёг на дно ён брусам
I ляжыць дзён тры;
Растапырыў клешні
I не есць яешні,
Жабінай ікры.
Не вылазіць з норкі.
— Лёс мой, — кажа, — горкі
Цяжка ў свеце жыць!
Вось падплыў акуньчык:
— Вылезь, рак-гарунчык,
Годзе табе ныць.
Не смуціся дужа,
Развяселься, дружа,
Пашкадуй ты нас!
Зойдзешся ад голаду,
Прападзеш ты змоладу
Ды ў вясновы час.
А як свеціць сонейка,
Грэе рэчкі лонейка,
Песціць лес і гай,
Грэе так гарачанька.
Развяселься, рачанька,
Нас не пакідай!
Ты сядзіш нахмураны,
Злосны і абураны
I не бачыш дня.
Апусціў рак вочы,
Нават і не хоча
Слухаць акуня.
Плотка падплывае,
З ракам размаўляе:
— Адпусціся, мілы!
Чым цябе ўлагодзіць?
Што табе абходзіць,
Поўніць сумам жылы?
I нам, рыбам, трудна,
Жыць часамі нудна,
Проста ох-ох-ох!
Гоняць нас усюды,
Ловяць нас на вуды
Надзяць на гарох,
Ловяць невадамі,
Душаць венцярамі,
Брэднем, тапчаком.
Ох, жыццё — не свята,
Горачка багата,
Але ж мы жывём.
Адпусціся, рача!
Нават рэчка плача
Над сваім сынком...
Рак маўчыць зацята,
Вусам не пакратаў...

IV

Грозны сом дае наказ:
— Склікаць сход у той жа час
I на ім абмеркаваць,
Як нам лепей рады даць,
Як усцешыць чорнага
Рака непакорнага?
Сом наказ канчае так:
— Будзь ты старастам, шчупак!
Каб хутчэй ва ўсе канцы
Рассылаліся ганцы!
Тут шчупак мяльнуў хвастом,
Плотак спудзіў пад кустом,
А маруднага ліна
Выгнаў з саменькага дна.
Усім холаду задаў
I нарэшце загадаў:
— Гэй вы, плоткі-верхаводкі!
Паслужыце справе, цёткі!
Заклікайце рыбу ўсю:
Накажыце карасю,
Няхай вылезе з гразі,
Хай плывуць сюды язі,
Мянтузы, яршы, кялбы
I акунь, той гад рабы.
Ды сказаць яму прытым
Словам старасты маім,
Каб, спаткаўшыся са мною,
Да мяне стаў галавою!

Плоткі старасце — паклон,
I ўсе рынулі ў разгон.

V

У глыбознай бухце
Між карчоў дубовых
Пачыналі рыбы
Важныя размовы.
Сом адкрыў нараду,
Выступіў з дакладам,
А язь сакратарыў,
Сеўшы з сомам радам.

— Шаноўныя сябры,
Ляшчы і асятры,
Ліны і мянтузы,
Паслы ад драбязы
I іншыя асобы!
У нашай рэчцы — гора:
Смуткуе рак і ўчора
Ад гэтакай жалобы
Прыйшоў да заключэння:
Жыццё — адно мучэнне,
I згінуць хоча ў цвеце,
Бо, кажа ён, дзівак:
Найбольш няшчасны — рак
Ва ўсім вакольным свеце.
I толькі з той пары
Ён вылезе з нары
I смутак свой пакіне,
Калі хто давядзе,
Што ёсць яшчэ ў вадзе
Ці проста абы-дзе
Пакутнік яшчэ большы,
Чый лёс за рачы горшы, —
Іначай рак загіне.
I вось цяпер, браткі,
Аблазьце ўсе куткі,
Знайдзіце кандыдата
I дайце мне адказ.
Я запэўняю вас,
Пакутнікаў такіх,
Сапраўдных і цяжкіх,
Налічыцца багата.
Зашумелі рыбы:
— Назавем без хібы!
Імі гаць гаці,
Лёгка іх знайсці.
— Цішэй, сябры, увага! —
Азваўся сакратар. —
Тут ёсць такая пляга,
Што кіне ўсіх у жар:
Калі хто сапраўды
Сябе няшчасным лічыць болей,
Чым наш пакутнік-рак,
Тады
Ён добрай воляй,
Без вагання
Аддасца раку на сняданне.
Так, такі
Іначай рак не дасць нам веры.
Сказаў ды зноў сеў за паперы.
Вось сказаў, дык сказануў!

Як сякерай секануў!
Прыкусілі языкі
I мянькі, і акунькі,
А маруда той, лінок,
Віль хвастом — ды пад кусток!

Хвілін не меней пяць
«Пакутнікі» маўчаць.

— На свеце жыць не так ужо і горка, —
Сказала краснапёрка. —
Плывеш сабе туды-сюды
Без гора, без бяды;
Пад кусцік зазірнеш,
Ну, часам і ўздыхнеш,
Ды больш ужо з прывычкі,
Чым з клопату якога, —
Ці так кажу, сястрычкі?

— А так! Жывецца нам — нічога!
Хапае ўсім вадзічкі,
I плаваем па волі,
I жыру ёсць даволі.
А гэта нараканне
I ракава жалоба —
Пустое выдумлянне
Ці панская хвароба.

— Гум! — тады прамовіў сом, —
Што жы мы раку паднясём?
Хай, выходзіць, гіне рак?
Ці ў няшчасных стаўся брак?

— Дайце слоўка мне сказаць! —
Ялец стаў хвастом віляць. —
Я скажу вам праўду ўсю:
Жыць найгорай карасю.
I ўсе грымнулі:
— Так, так!
Ён — няшчаснейшы бядак!
Ён жыве ў балоце,
У такой брудоце!
Ён непаваротны,
Ён такі гаротны, —
Збоку глянуць — жах бярэ,
Як ён з гора не памрэ!
— А дзе карась?
— Зашыўся ў гразь,
I сход яму не мілы,
Прыйсці не мае сілы!
I кажа сом: «Заклікаць гаруна!
Шчупак, пазавіхайся!»
— У момант я спалю, як з перуна!
А ты, карась, трымайся!

VI

Прывялі карася пад канвоем,
Абступілі яго шчыльным роем.
Плотачка як глянула,
Ледзь на дно не канула:
Такі ж ён няшчасненькі,
Кругленькі, блішчасценькі.
Лін паплыў пад лозы
Выцерці там слёзы.
Нават сом крануўся,
Хвост яго сагнуўся,
Вусы задрыжалі
Ад такога жалю.

Пытае сом лагодна,
Быццам бацька родны:
— Ну, як жывеш, карась?
— А так сабе, нядрэнна:
Качаюся, як князь,
Прысмакі ем штодзенна.

Здзівілася тут грамада:
— Вось выпаліў, дык выпаліў, брыда!
— Цікава, — кажа сом, — цікава!
Здзівіў ты нас, карась, яй-права!..
Ну, а скажы: ты смуцішся ці не?
— Чаго смуціцца мне?

Не ведаю такога пачуцця —
Цярпець я не магу ні смутку, ні ныцця!
I часу не хачу на глупства траціць:
За гэта мне ніхто нічога не заплаціць.
Здзівіўся сом:
— Не хочаш траціць часу?
На што ж ты траціш час?
— А вось які мой сказ:
Люблю паэзію, жыцця майго акрасу,
I з ёю я не ведаю згрызот:
Паэзіяй я смутак адганяю,
Зашыюся ў чарот
I вершы там складаю.
Здзівіўся сом, ускінуў вочы язь
I кажа карасю:
— Паэце наш, карась!
Гаворыш складна ты,
Паслухаць нават люба,
Мы слухалі, разявіўшы раты,
Хоць ты адказваў досыць груба.
Аднак хачу цябе спытаць:
Што будзеш ты спяваць,
Як часам кульганеш
Ды на патэльню пападзеш?
— Папаўся, брат-карась!
Паэзія тут — лясь!
— Не згодзен з вамі, грамадзяне!
Калі той час настане
I лягу я ў скавараду,
Дык вусам там не павяду:
Люблю я песціцца ў смятане!

Сом смяецца:
— Няхай ты згары!
Дзівакі, як відаць, песняры,
Мабыць, розум у іх слабаваты.
Падавайся, карась, ты дахаты.
Пачакай! Ці не чуў ты, нябога,
Хто ж гаруе, пакутуе многа?
— Пра пакуты чарот мне шумеў,
Але слухаць я часу не меў.

VII

Паслалі дэлегацыю:
— Плывіце вы ў чарот!
Пра гора хай раскажа нам, —
Паслухаць хоча сход.
Прыгожых пара плотачак,
Акуньчык і кялбок
Чароту пакланіліся
I кажуць:
— Галубок!
Паслалі нас, чароцейка,
Ад рыб'яй грамады
Прасіць цябе і кланяцца,
Каб вызваліў з бяды
Пакутніка няшчаснага,
Што ўздымаў паміраць —
На сонейка на яснае
Не хоча пазіраць!
Скажы яму па-шчырасці,
Як цяжка табе жыць,
Што раку сорам скардзіцца,
Смуціцца і тужыць.
Дык будзь жа ласкаў, міленькі,
Паслухай, паслужы:
I мудрасць сваю ты яму
I гора пакажы.

— Ша-ша! шу-шу!
Упартасць я скрышу
Рачыную, зацятую:
Нягодамі багатую
Я долю раскажу —
Зражу!
Шу-шу!
Сшу-шу!
Ша-ша!
І-ша!

VIII

Рак сядзіць у нары,
Высунуўшы клешні,
I не есць ні ікры,
Ні тае яешні.
Ну, чакай жа, брат рак:
Вунь ідзе чароцік!
Рыба валіць пад гак,
Расчыніўшы роцік.
Плёх стаіць на вадзе,
Няма месца нідзе.

Стаў чарот у позу
Супраць вербалозу:
— Ша-ша! шуш-шу!
Увагі, рача, я прашу...

Рача, рача! Ёсць на свеце
Многа нешчаслівых;
Вылезь з норкі, рача-квеце:
Смутак твой — не дзіва.

Я — гаротнік, якіх мала,
Ты паслухай толькі:
Я на грунце нетрывалым
Распускаю голькі.

Распускаю іх вясною:
Вее халадэча,
Выюць ветры нада мною,
Ломяць мае плечы.

Я адзін, няма заслоны,
Не затуляць лозы,
А мой лісцік, мой зялёны,
Смокча тля, стракозы.

Я б хацеў стаць як калода, —
Быць магутным люба.
Не судзіла ж мне прырода
Стаць мацней ад дуба.

Рача, рача! Ой, кароткі
Век мой чараціны!
Як жыву я ў час паводкі —
Не відно чупрыны.

Прыйдзе восень, пажаўцею,
Быццам бы з жаўтачкі.
Вось увага, дабрадзею,
Долі той, лайдачкі!

I на лёдзе на падсцілку
Палажу я косці.
А хто прыйдзе на магілку,
Што на тым пагосце?

Рача, рача! Ёсць на свеце
Многа нешчаслівых...
Вылезь з норкі, рача-квеце, —
Смутак твой — не дзіва.

I заплакаў тут
Наш чароцік горды.
Рак-вусач — ані шэп!
Быццам камень, цвёрды!

IX

Вось бяда, дык бяда!
Што ты скажаш, грамада?
Справіцца з бядою
Можна грамадою.
Трэба рукі прылажыць,
Каб наш рак застаўся жыць.

Каб не траціць лішніх слоў,
Зноў хацелі слаць паслоў,
Ды, на шчасцейка, якраз
Плыла качачка ў той час.
Выклікаецца яна
Абразуміць гаруна.

— Дзякуй табе, качанька!
Патурбуйся, мілая!
Памірае рачанька,
Клешня ён двухвілая,
Галава упартая,
Нікуды не вартая.

Разважалі яго мы —
Ён ні слова, як нямы!
Весяліў і акунёк,
Весяліў і чараток,
Весяліла плотачка, —
Паспрабуй ты, цётачка!

X

Рак сядзіць у нары,
Высунуўшы клешні,
I не есць ні ікры,
Ні тае яешні.
Сцеражыся ж ты, рак:
Вунь ідзе, брат, качка!
Рыба валіць пад гак,
Там цяпер гарачка.
Плёх усцяж па вадзе,
Няма месца нідзе.
I залапатала
Крыллямі тут качка,
Ды вось так сказала
Гаруну бядачка:
— Рыбка непакоіцца
З гэтакага суму,
Сэрца яе кроіцца,
Бо што ты надумаў?
Ой, занадта многа ты
Носішся з сабою!
Справа варта рогату,
Параўнай з маёю.
Я хоць і жанатая,
А жыву ўдавою.
Ой, жыццё праклятае
Не дае развою!
Ранняю вясенькаю,
Як сяляне ў поле
Выедуць з сявенькаю,
Я адна-адненькая
Шворуся па доле
I шукаю купінкі
Зацішной і дзікай,
Аглядаю рупненька
З боязню вялікай
Кожную мясціначку,
Кожненькую гатку,
Дзе б мелі спачыначак
Дзеткі-качаняткі.
Без мужчынскай помачы
Я майструю хатку,
Галовачку ломячы
I дзюбок-лапатку.
А мой качар шэранькі
Знаць мяне не знае:
Б'е, скубе мне перанькі,
Я ж цярплю — адна я!
А як дзетак выведу,
Клікну іх на воду,
Дык сустрэну злыбеду,
Гора-перашкоду.
На жыццё качынае
Робяцца замахі.
Век трасуся, гіну я!
Мучаць сэрца страхі...
Ой, ды няма ліку ім,
Горкім тым падзеям!
Ды не робім крыку мы,
Скардзіцца не ўмеем.
Дык уваж ты клопаты,
Рыбіны заходы.
Гэта расшалопай ты,
Кінь згрызоты-зводы!
Нарабіў грамадзе
Клопату па вушы.
Вусам рак не вядзе,
Хоць бы клешняй рушыў.

XI

Ах, бадай жа ён скіс,
Гэты рак вусаты!
Па-над берагам звіс
Сум яго зацяты!

I няўжо ж, грамада,
Не дасі ты рады?
Проста смех і бяда
З гэтакае звады!

Слухаў бусел, маўчаў,
Думаў, а нарэшце
Чаплі штось прабурчаў,
Нібы зяць да цешчы.
Чапля крыллем лоп-лоп —
I ляціць да рыбы.
Мусіць, бусел на троп
Тут навёў без хібы.

Даюць чаплі слова,
Вось яе прамова:
— Сябры! Рэчка — наша агульная справа.
Ды пайшла ўжо нядобрая слава,
Што рыбы, птушкі і травы
I матылі над гакам
Не справяцца з тым ракам.
Папрабуем заклікаць жыта,
Прывяду яго сама і — квіта.
Калі рак і яго не паслухае,
Тады кія занюхае!
Рыба, збіўшыся пад мосцікам,
Папляскала чаплі хвосцікам.
— Дзякуй табе, чапленька!
Патурбуйся, родная!
Памірае рачанька,
Галава нягодная!

ХII

Рак панура сядзіць
I на свет не глядзіць.
Сцеражыся ж ты, рак:
Вунь ідзе, брат, жыта!
Рыба валіць пад гак,
Сом храпе сярдзіта.
Плёх усцяж па вадзе,
Няма месца нідзе.
Каліва ржаное,
Спелае, буйное
Стала над вадою
I сказала: «Рача!
Скрыўджан ты, няйначай,
Нейкаю бядою.
Але ты паслухай, дружа:
Ой, па свеце ходзіць сцюжа,
Ой, халодзіць яна дужа!
Ветрам дыша, снегам сцеле,
Ледзь душа трывае ў целе.
Надыходзіць старасць-восень,
З воч знікае неба просіць,
Віснуць ніці з хмарных кросен,
А мяне нясуць у поле,
Рассыпаюць ды на ролі
З саламянае сявенькі
У халодны дол пусценькі.

Усё чыста з поля знята —
Там адны мае зярняты.
А той вецер дзікім свістам
Дзьме па полі, полі чыстым,
Усцілае жоўтым лістам
Мае шоўкі, мае руні
Ды халодных хмар насуне.
Золкасць, зыркасць і плюхота,
Безлюдзь, смутак, адзінота.
Скубуць мае руні-шоўкі
I авечкі і кароўкі,
Бо няма ім больш спажывы,
Бо сабраны травы, нівы.

А там сівер дыхне злосна!
Ой, як страшна стане, млосна!
Ткуць марозы кужаль белы,
Засцілаюць ім свет цэлы,
Убіраюць дол змярцвелы.
Мае шоўкі, мае руні
Крышыць злы мароз-дзядуня.

Пад абрусам тым кужэльным,
Пад тым холадам пякельным
Я ляжу, сплю сном смяртэльным.
Ды надыдзе зноў вясенька,
Маладзічка весяленька,
Шумным спевам пройдуць воды,
Зноў павее ветрык згоды,
Маім шоўкам, маім руням
Дасць жыццё вясна-красуня.

Я зязюлька ж крыкне ў гаю,
Я на сонцы заіграю
I пучочкі выганяю.
Вецер бегам несупынным
Гоніць хвалі срэбрам плынным,
Шоўкам сцеле на загоны,
А я толькі б'ю паклоны
На мяжы траве-кудзельцы,
Ветру, сонцу і зямельцы.
Ой, падыдзе ж тое лета —
Жоўтым шоўкам я адзета.
Прыйдуць жнейкі-маладзічкі
I дзяўчаты-чараўнічкі,
Зрэжуць колас мой буйненькі
Пад звон песень галасенькі:
«Пара зямлю адмыкаці,
Пара росу выпускаці».
Як мост, лягу я на просце.
Вязуць з поля, ды не ў госці,
Паб'юць цэпам мае косці,
Мае зернеткі пасушаць,
Камянямі іх падушаць.
Ой, мае ж вы шоўкі-руні!
Ой, пабілі ж мяне ў клуні!
Пакрышылі, памалолі,
Не далі мне жыць на волі!
У той дзежачцы дубовай
З жоўтай клёпачкай альховай
Расчыняюць хлябок новы,
Расчыняюць на вадзіцы
З беленькай мае мучыцы.
Мяне ў дзежцы месяць-месяць,
Перавернуць разоў дзесяць
Ды настольнічкам завесяць.

А печ паляць дачырвона,
Гляджу ў страсе я здзіўлёна.
Ой, ды чым я вінавата?
Кіне ў печ мяне лапата,
Дзе агнём усё пранята.
Я ў агні тым абамлею,
Пажаўцею, учарнею.

I вось толькі як вадзіцай,
Не вадзіцай, а жывіцай
Мяне ўмые маладзіца,
Тады толькі свет пабачу...
Каму ж горай з нас, мой рача?
I сказаў тут рак-вусач:
— Грамада! Ты мне прабач!
Мая журба ў прах пабіта —
Зваявала мяне жыта,
I ад гэтае пары
Прападай мой сум стары!

* * *

Рыба з радасці такой
Пайшла ў скокі талакой,
А за ёю пташкі,
Наварыўшы кашкі
З спеленькіх пурышак
I з малінак — пышак;
А за птаствам — мошкі,
Падабраўшы крошкі;
За мошкамі — дрэвы,
Распачаўшы спевы;
За дрэвамі — травы
Ладзяць баль цікавы.
I прыйшлі музыкі
Чарадой вялікай.

Граў на скрыпачцы камар,
На дудачцы — чмель-дудар,
Хрушч узяў басэтлю,
Задае там пытлю.
Шэршань барабаніць,
Камарыка ганіць:
«Пайшоў вон! Пайшоў вон!
Ты не гэты бярэш тон!»
Муха на цымбалах
Струны калыхала,
Авадзень на леры
Выцінаў без меры,
А чырвоны конік
Жарыў у гармонік.
Сеў цвіркун
На чыгун
Ды тне на кларнеце,
А жучок-чарнячок
Пачаў песні пеці.
I так хораша спяваў,
Што зусім прычараваў
Тую бабку-Гапку,
Што надзела шапку.
Выскачыў журавель,
Як Піліп з канапель,
Напалохаў жабку,
Адтаптаў ёй лапку.
Пайшлі ў скокі сотні пар,
А за імі і камар
Бусла спрытна падхапіў,
Буслу ногу зачапіў,
На мазоль наступіў.
Драчык песняй скончыў баль
I дашчэнту знішчыў жаль.
Тут дайшлі мы да канца,
Дайце ж чарачку вінца,
А не, —
Дык папляскайце хоць мне!

Самая свежая информация купить мухомор цена сушеный здесь.
porno

Музей Якуба Коласа

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі