Дрэнна маё жыцце,
Ўсё ідзе не ў лад,
I крычаць мне ўсюды:
«Асадзі назад!»
Божа ты мой мілы!
Б'юся я, як гад,
Толькі ж дзе ні ткнуся —
«Асадзі назад!»
Помню, я жаніўся,
Добры быў мой сват.
К дзеўцы нос паткнулі —
«Асадзі назад!»
Дзеўка была важна,
Ды сусед Кандрат
Мне нагу падставіў —
«Асадзі назад!»
Трапіў раз у горад,
Быў якраз парад,
Лезу я наперад —
«Асадзі назад!»
У засеках пуста,
Жыта выбіў град.
— Дай, старшынька, ссуды.
— «Асадзі назад!»
Я з капейкі збіўся,
Зарабіць я рад.
— Ці няма работы?
— «Асадзі назад!»
Сам я растрапаўся,
Лезе з плеч халат.
— Памажэце, людзі!
— «Асадзі назад!»
Сына свайго ў людзі
Вывеў бы Ігнат.
— Вось мой сын, паночкі!
— «Асадзі назад!»
Хлеб прыслалі ў вёску,
Там галодных шмат.
Пруся я з мяшэчкам —
«Асадзі назад!»
Галаву я маю:
Быў бы дэпутат.
— Цэнзу ты не маеш,
«Асадзі назад!»
Праўда, што таіцца,
Быў і мой чарод;
Два разы на жыцці
Выйшаў я ўпярод.
Ўзбунтаваў я вёску.
Ой, быў цяжкі год!
Прыязджае прыстаў:
— Выхадзі ўпярод!
Гэта ты, мярзавец,
Ўзбунтаваў народ?
Гэй, гарадавыя,
Даць яму ўпярод!
Апошнiя водгукi
4 года 9 недель назад
6 лет 34 недели назад
6 лет 38 недель назад
7 лет 29 недель назад
7 лет 35 недель назад
7 лет 44 недели назад
7 лет 48 недель назад
8 лет 7 недель назад
8 лет 17 недель назад
8 лет 33 недели назад