Нёман

Яшчэ не ацэнена

Льецца Нёман паміж гораў,
Поўны сілы і красы,
У далёкія прасторы
Гоніць воду праз лясы.

Гой ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас,
Бедну чайку чалавека
Ты з сабой насіў не раз.

А вясною на прасторы
Дуб стары сярдзіта гнаў
I насіў ты крыгаў горы,
Луг і поле затапляў;

Разліваўся па ракітах
I займаў і лес, і гай...
Даўгавязы плыт за плытам
У далёкі нёс ты край.

Колькі раз рыбацкі човен
На грудзях тваіх гуляў!..
Гой ты, Нёман, быстры Нёман,
Колькі дум ты мне нагнаў!

Чуў ты смутак горкай долі
Свайго сына-мужыка,
Чуў не раз у чыстым полі
Плач і слёзы бедака.

У ціхі вечар над табою
Дудка плакала не раз.
I кацілася слязою
Песня ў ранні летні час.

А на беразе пад дубам,
Ў ночку цёмную, рыбак
Спаў не раз пад мокрым лубам,
Гнуўся з холаду, бядак.

А у буру вецер кветку
Да грудзей тваіх схіляў,
I ў табе касец улетку
Пот крывавы абмываў.

Над табою месяц круглы
У ясным небе ціха плыў,
I з табой высокі, смуглы
Лес ціхутка гаварыў.

Перарэзаў край ты родны
Беларуса-мужыка...
О, наш чысты, наш свабодны
Нёман, быстрая рака!

Ты цячэш далёка, знаю,
З веку ў век і з году ў год.
Раскажы ж другому краю,
Як у нас жыве народ.

Музей Якуба Коласа

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі