Купала ідзе да Коласа...

Яшчэ не ацэнена

«У суботу еду ў Стоўбцы да Коласа».

З пісьма Янкі Купалы ад
26 ліпеня 1912 года

Да Стоўбцаў Купала ехаў.
Сышоў з цягніка спехам...
Значыць, недзе тут
родны Коласаў кут?
Родны ды паднявольны.
Калі што не так — у астрог.
«А як дабірацца да Смольні?
Хто б тут параіць мог?
Дарога зусім незнаёмая...»
Чуе Купала ў адказ:
«А вы ідзіце да Нёмана.
Вось гэтай сцяжынай якраз.
Пойдзеце па-над ракою,
не збочвайце нідзе.
Рака вас і прывядзе.
Да Смольні падаць рукою... »
Так і кіруе Купала.
Купала прыспешвае крок.
Шыр нёманская заззяла,
завабіла здалёк.
Плынь нёманская дыхнула
свежасцю густой,
сустрэла прахожага чула —
з яго імклівай хадой.
Нібы благаслаўляла,
давала сілы і ўздым...
Ідзе, ідзе Купала
нёманскім берагам тым.
Купала да Коласа ідзе,
Купалу Нёман вядзе,
Рака вяла, спрыяла,
бы ведала, што да чаго,
хто ідзе да каго...
Да Коласа — Купала.
Ведала як быццам,
што нельга іначай тут, —
сустрэча павінна адбыцца,
павінен збыцца цуд.
He вылазка на прыроду,
не святочны пікнік...
Тут — служэнне народу,
тут — сумлення крык.
Купала да Коласа ідзе,
Купалу Нёман вядзе,
Ускрыкнула звонка, голасна
птушка недзе ў трысці,
Купала ідзе да Коласа,
не можа не ісці.
Ці рана на Івана,
ці ў нейкі іншы дзень
так ім наканавана:
адзін аднаго сустрэнь!
Адзін з другім сустрэнься,
Дайце братні зарок —
па-брацку — да песні песня,
па-брацку — да кроку крок!
Адзін у полі не воін.
Два берагі у ракі.
Купала і Колас — двое,
як гэтыя два берагі.
У гэтым краі хапала
міжусобіц і здрад...
Да Коласа — Купала
ідзе як да брата брат.
Каб шэрагам адзіным
пайсці на вялікі сход —
па бацькаўшчыну, па радзіму,
па шчаслівы народ.
Купала да Коласа ідзе,
Купалу Нёман вядзе...

Анатоль Вярцінскі

Ля помніка Якубу Коласу

Сярэдняя: 3.6 (7 галасоў)

Ён з песняю непераможнай
Край абышоў і ўсіх сяброў.
Пасля няспынных падарожжаў
Вярнуўся, стомлены дамоў.

Прысеў на валуне гранёным,
Дзе на Маскву імкне шаша,
Паслухаць музыкі Сымона,
Гамонкі дзеда Талаша,

Падыхаць водарам азёраў,
Бароў, наднёманскіх раўнін,
Палюбавацца на свой горад,
Што ўзняўся феніксам з руін.

Спяшайцеся з паэтам стрэцца,
Яго паслухаць, покуль зноў
Ён падарожнічаць па свеце
З сваёю песняй не пайшоў.

Максім Танк

На ад'езд Якуба Коласа ў Сярэднюю Азію

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Бывай, мой друг, мой любы Колас!
Лятуць з табой душа і голас.

Датлеў твой дом, згарэў твой горад,
Ды не сагнуўся ты ад гора.

Адчай людскі і гнеў суровы
Пераплаўляў ты мужна ў словы.

Ты ад’язджаеш, а з табою
Згарэлы бор ідзе з журбою.

Я ведаю, як ты ў пакутах
Гукаў свой край, што ў лютых путах.

У хвалях ветлівай Бярозы
Зліліся стогны, кроў і слёзы.

Ды зноўку край твой уваскрэсне,
Тваёю ахінуты песняй.

I вернецца засеяць гоні
Народ, не зломлены ў палоне.

Лён гляне з сіняй варажбою,
Мы зноў сустрэнемся з табою.

Ты дом паставіш светлавокі,
Дзе вершы ўскалыхнуць аблокі.

I зноў я да цябе прыеду —
Да брата песні, да суседа.

Сяргей Гарадзецкі, пераклад Рыгора Барадуліна

Музей Якуба Коласа

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі