У родных мясцінах

Яшчэ не ацэнена

Праз пяць гадоў я зноў наведаў Вусце,
Прытулак дум, абраны мой куток,
Дзе высіцца Вусцянскі мой грудок
I вецер лёгенька гайдаецца на кусце.

Іду на груд павольнаю ступою.
Сумотна мне, бо я цяпер адзін,
Мне шмат чаго прыходзіць на ўспамін,
I нікну я паныла галавою.

Грудок усё ж такі, як быў, прыветны,
Гваздзічка белая, чабор на ім,
Ды ўжо гляджу я поглядам другім,
Як дуб стары, астаўшыся бяздзетным.

Стаю, маўчу, мясціны аглядаю, —
Змяніліся, і трудна іх пазнаць.
Дубоў маіх паменшылася раць,
Як і людзей у родным нашым краі.

Бязлюддзе, ціш. Высокаю травою
Вусцянскія сялібы зараслі.
Бярэзнічак заняўся на зямлі,
Атульвае разложыстую хвою.

Дарожкі той, што бегла к Балачанцы,
Няма нідзе — згубілася ў траве,
У памяці ж маёй яна жыве,
Як шмат з таго, што знікла на палянцы.

I тых, з кім я так блізка быў знаёмы,
Ужо няма: хто выселіўся сам
К апошнім тым на свеце рубяжам,
Дзе крыж стаіць журботна-нерухомы;

Другіх вайна ў далёкі свет пагнала,
I многа іх не вернецца назад;
А трэціх вынішчыў, пабіў фашысцкі кат,
I родная зямля іх не прыбрала.

I ўсё мне тут, дзе вокам я ні кіну,
Нагадвае аб жорсткасцях вайны.
Знявечаны лясы, а параснік буйны
Жыве і тчэ спрадвечную тканіну.

Ідзе жыццё, буяюць яго сілы, —
Хай паспрабуе хто суняць яго, спыніць.
Снуе жыццё за ніццю сваю ніць,
I моцныя для ўзлёту яго крылы.

Я ведаю — загояцца ўсе раны:
З пажарышч край паўстане, расцвіце
Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце, —
Наш верны шлях, ён з праўдай павянчаны.

I толькі мне адно сягоння горка:
Няма таго, з кім думкі я дзяліў,
З кім тут стаяў, з кім я шчаслівы быў, —
Пагасла ты, яснюсенькая зорка.

Прачытаўшы гэты верш, мы

Прачытаўшы гэты верш, мы задумваемся аб жыцці, аб мінулым, сучасным і будучым...
Як толькі чалавек нараджаецца, яго тут жа агортваюць цеплынёй і пяшчотай рукі маці. Потым ён пазнае свет, дарагімі і блізкімі становяцца родныя мясціны: рэчка, дзе дзіцём ты так любіў купацца, лес, куцы ты хадзіў з сябрамі, вецер, які ноччу спяваў табе калыханку. I вось ты — дарослы, жыццё закідвала цябе ў розныя куткі нашай Зямлі, але болей нідзе ў свеце ты не чуў той калыханкі, пад якую цябе адразу пакідалі смутак і нуда, гора і адчай, бо тая калыханка была твая, і вецер спяваў яе для цябе.
Няхай пройдзе шмат часу, але мы ніколі не забудзем свой дом, дзе кожная сцежка, кожнае дрэўца, кожны каменьчык нагадвае пра самыя пічаслівыя дні. Калі ж пасля расстання вяртаемся на радзіму, то бачым змены. Змены, што прадыктавалі жыццё і час. Ад гэтага становіцца неяк сумна, бо нельга вярнуць дарагія сэрцу хвіліны, нельга спыніць час. Ужо не бачыш той сцежкі, дзе бегаў басанож — яна зарасла і знікла, не бачыш знаёмай крынічкі, дрэўца, якому было столькі ж год, колькі табе. Яшчэ цяжэй усведамляць, што час адбірае людзей: няма той бабулі, што бавіла цябе сваімі казкамі і частавала смачным пірагом, дзядулі, што для маленькага цябе выразаў з дрэва лук і стрэлы... На сэрцы адразу становіцца невыносна горка.
Але ў жыцці так заўсёды было і так будзе: паміраюць старыя — нараджаюцца маладыя, высыхае дрэва — тут жа з'яўляюцца маладыя парасткі, бо жыццё — вечнае. I няма такой сілы, каб яго спыніла.
«У родных мясцінах» — грамадзянскі верш з пейзажнымі замалёўкамі. У сваім творы Якуб Колас паказаў жыццё людзей пасля вайны. Шмат што змянілася ў краіне, у родных мясцінах, дзе жыў паэт, і у душы песняра. Многія дарагія сэрцу жыцці людзей адабрала вайна. Шмат чаго ён перадумаў за гэтыя гады.
Верш прасякнуты ўласнымі пачуццямі, болем, смуткам. Як бы мы ні імкнуліся забыць жахі вайны — гэта немагчыма.
У вершы выкарыстана шмат эпітэтаў («абраны мой куток», «гваздзічка белая», «яснюсенькая зорка»), параўнальных зваротаў («як дуб стары»).
Але паэт верыць, што раны загояцца, пачнецца новае жыццё. Адбудуецца краіна.
Шчасце і мір павінны радаваць зямлю!

http://profeq.ru profeq.ru.
https://napolich.ru как выбрать лучшее Напольное покрытие.

Музей Якуба Коласа

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі