Я хачу аб табе...

Сярэдняя: 3.4 (5 галасоў)

Я хачу аб табе
З кім хоць слоўка сказаць,
Сэрца гора, тугу
І сумненні прагнаць.

Але толькі ж няма
З кім мне сум падзяліць,
І я мушу адзін
Перажыць, перабыць.

Як і калісь

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Быў малы я, думаў часта,
Як дадуць мне чосу:
«Пачакайце, і на вас я
Прыпасу атосу!

Дайце толькі акрыяць мне,
Ў гадкі ўвабрацца!»
А пакуль што ўсім старэйшым
Мусіў пакарацца.

Я тым часам падрастаю.
Аддалі вучыцца.
Не дагодзіш настаўніку,
I пачне сварыцца!

Але добра, калі сваркай
Сойдзе завіруха,
Ды ў тым гора, што настаўнік
Часта трос за вуха.

«Ну, пастой жа! Жыў не буду,
А за тыя здзекі
Не дарую, толькі б выйшаў
З-пад твае апекі!»

Так за лаўкаю памысліш,
Вуха ўзяўшы ў жменю,
I цішком кулак сціскаеш,
Сунуўшы ў кішэню,

Ды цярпіш, ды зносіш крыўды,
Помсты час жадаеш.
Час ідзе — а ты ў залежнасць
Болей пападаеш.

Вось я вырас, і пад носам
Вусы высядаюць.
А мяне навокал чубяць,
Клёваюць, ўшчуваюць.

Накіпела ў сэрцы гневу,
Злосці поўны косці.
Не стрываў я, разгарнуўся —
Я ж вам, ягамосці!

Пачакайце ж, калі гэтак!
То ж я не кусаўся!
Годзе крыўды! Досыць здзеку!
Ўзяў ды ўзбунтаваўся

Супраць ўлады і парадкаў!
А хіба ж я ўломак?
Хай сабе на погляд шчуплы
I не так-та ёмак.

Ускіпела тая ўлада,
Гоніць у тры шыі.
«Ведай, гад, па чым фунт ліха
У цара Расіі».

Трэслі, трэслі, калацілі, —
З жалю хоць разбіся,
Ды ў астрог нарэшце садзяць —
Там, моў, схамяніся.

Вось за кратамі сяджу я,
Горш мяне ўшчуваюць,
З аднэй камеры ў другую
З сенніком ганяюць.

Я іду, куды мне кажуць,
Ды бубню сам сціха:
«Пачакайце! Адсяджу я,
Перабуду ліха!»

Ценем крыўда йдзе за мною
Аж да сёй часіны,
Кулак згорнуты ў кішэні,
Як і ў дні дзяціны.

I даюць мне, як і колісь,
Запраўскога чосу.
Што рабіць? У век патомкаў
Перадаць атосу.

— Што, брат Грышка, папраўляйся...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

— Што, брат Грышка, папраўляйся:
Чутка ёсць — зямлі дадуць.
Не хварэй, брат, падымайся
Ды ачуньвай як-нібудзь.

— Эх, Мікола, што тут цешыць?
I стары, а як дзіця:
Не, не будзе нам жыцця,
Як паноў не перавешаць.

Музей Якуба Коласа

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі