Быў малы я, думаў часта,
Як дадуць мне чосу:
«Пачакайце, і на вас я
Прыпасу атосу!
Дайце толькі акрыяць мне,
Ў гадкі ўвабрацца!»
А пакуль што ўсім старэйшым
Мусіў пакарацца.
Я тым часам падрастаю.
Аддалі вучыцца.
Не дагодзіш настаўніку,
I пачне сварыцца!
Але добра, калі сваркай
Сойдзе завіруха,
Ды ў тым гора, што настаўнік
Часта трос за вуха.
«Ну, пастой жа! Жыў не буду,
А за тыя здзекі
Не дарую, толькі б выйшаў
З-пад твае апекі!»
Так за лаўкаю памысліш,
Вуха ўзяўшы ў жменю,
I цішком кулак сціскаеш,
Сунуўшы ў кішэню,
Ды цярпіш, ды зносіш крыўды,
Помсты час жадаеш.
Час ідзе — а ты ў залежнасць
Болей пападаеш.
Вось я вырас, і пад носам
Вусы высядаюць.
А мяне навокал чубяць,
Клёваюць, ўшчуваюць.
Накіпела ў сэрцы гневу,
Злосці поўны косці.
Не стрываў я, разгарнуўся —
Я ж вам, ягамосці!
Пачакайце ж, калі гэтак!
То ж я не кусаўся!
Годзе крыўды! Досыць здзеку!
Ўзяў ды ўзбунтаваўся
Супраць ўлады і парадкаў!
А хіба ж я ўломак?
Хай сабе на погляд шчуплы
I не так-та ёмак.
Ускіпела тая ўлада,
Гоніць у тры шыі.
«Ведай, гад, па чым фунт ліха
У цара Расіі».
Трэслі, трэслі, калацілі, —
З жалю хоць разбіся,
Ды ў астрог нарэшце садзяць —
Там, моў, схамяніся.
Вось за кратамі сяджу я,
Горш мяне ўшчуваюць,
З аднэй камеры ў другую
З сенніком ганяюць.
Я іду, куды мне кажуць,
Ды бубню сам сціха:
«Пачакайце! Адсяджу я,
Перабуду ліха!»
Ценем крыўда йдзе за мною
Аж да сёй часіны,
Кулак згорнуты ў кішэні,
Як і ў дні дзяціны.
I даюць мне, як і колісь,
Запраўскога чосу.
Што рабіць? У век патомкаў
Перадаць атосу.
Апошнiя водгукi
4 года 1 день назад
6 лет 24 недели назад
6 лет 29 недель назад
7 лет 19 недель назад
7 лет 26 недель назад
7 лет 34 недели назад
7 лет 38 недель назад
7 лет 49 недель назад
8 лет 7 недель назад
8 лет 23 недели назад