На ўзгорку пясчаным тры хвоі
Ад даўняга часу стаяць.
Бязлюдныя пусткі спакою
Вакол палажылі пячаць.
Не ходзіць тут з плугам араты,
Каса не звініць на зары.
Не згледзіш ні клуні, ні хаты,
Шумяць адны толькі бары.
Ды вецер гуляе з пяскамі,
Расчэсвае хвоям чубы,
Ды зрэдку дзяўчаты з кашамі
Праходзяць між іх у грыбы.
I вось нечаканыя госці,
Атрад баявы партызан,
Праходзяць пад хвоі, кагосьці
Нясуць на пясчаны курган.
Акінуў вачамі паляну,
Узгорак, пяскі камандзір
I знак падае партызанам
Пакласці насілкі на жвір.
Дзве пары суровых, адважных
Маўклівых ваяк-партызан
Насілкі спускаюць уважна
На дол, чабаровы дзірван.
— Мы тут пахаваем героя,
Капайце магілу, сябры.
Журботна стаялі тры хвоі,
I шум прытаіўся ў бары.
Рытмічна ўскідаюць лапаты
Угору пясок залаты,
Дзе хвоі развесілі шаты
На бераг узгорка круты.
Гатова магіла — прыпынак,
Халодны і вечны спакой.
На ложы з духмяных галінак
Ляжыць нерухома герой.
Самкнёны павекі, расніцы,
Як мрамар, застыў яго твар.
Крывавыя кроплі-брусніцы
Пад чубам палаюць, як жар.
Закрыты цяпер яму далі,
Пуціны зачынены ўсе,
А вусікі чуць высядалі
У свежай юначай красе.
Падходзіць хвіліна цяжкая —
Зямлі даручыць яго прах.
Употай слязіна блукае
На чэсных сяброўскіх вачах.
I выйшаў наперад з іх круга
I словы сказаў камандзір:
— Хаваем мы вернага друга.
Спакой твайму праху і мір!
Не ведаў ты страху ніколі,
Быў верны і храбры ў баю,
За край, за радзіму, за волю
Аддаў маладосць ты сваю.
Няхай жа гад-фюрэр крывавы,
Кат-Гітлер запіша на лбе:
Здабудзе ён толькі той славы,
Што знойдзе асіну сабе.
Клянёмся табе над магілай,
Наш верны таварыш і брат:
Мы знішчым фашысцкую сілу,
Жывою не пусцім назад!
— Клянёмся! — ваякі сказалі.
— Клянёмся! — адказвае бор.
— Клянёмся! — азваліся далі,
— Клянёмся! — гамоніць прастор.
Апошнiя водгукi
4 года 9 недель назад
6 лет 34 недели назад
6 лет 38 недель назад
7 лет 29 недель назад
7 лет 35 недель назад
7 лет 44 недели назад
7 лет 48 недель назад
8 лет 7 недель назад
8 лет 17 недель назад
8 лет 33 недели назад