* * *
Грымяць мнагаспеўнасцю гукаў супольных.
Як гімн перамогі, вясной ручаі,
I мары аб сонцы струменяць гаі,
I тоіцца мудрасць у далечах вольных.
Ёсць чары-прывабы прастораў наддольных
Што лучаць бязмежным блакітам краі,
Як родных яшчэ не сабранай сям'і,
Каб дружба гучала у песнях застольных.
I хто засумуе па новай радзіме?
Ці прыйдзе вялікі той час і калі?
I як яго людскасць раскутая ўспрыме?
Праслаўлена будзе цудоўнае імя
Таго, хто рассуне граніцы зямлі
I мудрасцю праўды краіны абніме.
* * *
Рассыпаны зоры брыльянтавым пухам,
I Млечнага Шляху ляжаць абрусы
Таемным акордам спрадвечнай красы,
Як водгулле змоўкшай даўно завірухі.
У калавароце няспыннага руху,
У сонцавым ззянні, у бляску расы —
Усюды разліты жыцця галасы,
I многа ў іх сэнсу для чуткага слуху.
Раджаюцца, гаснуць заранкі і ночы,
Мяняюцца ходы прыліваў і рэк,
I ў часах губляецца голас прарочы,
Адзначан для кожнай істоты свой век.
Жыццё ж безупынна ўсё крочыць і крочыць
А разам з ім — вечны юнак-чалавек.
* * *
Наперад, вандроўнік! А шлях так багаты
Якія разлогі навокал, зірні!
Усходняе сонца запаліць агні,
Рассее праменні, як сейбіт зярняты.
Сустрэнецца вецер з табою крылаты,
I гром табе голас падасць з вышыні,
Пачуеш ты скаргі і сум цішыні,
Ты праўду пазнаеш у мроку зацятым.
Вітай жа дарогі і новыя далі,
I вечнага руху святыя скрыжалі,
I юнасць людскую, і мудрае слова,
I ясную радасць дабра, перамог,
I гэты шырокі, чароўны разлог,
Дзе заўжды прыгожа ўсё, молада, нова.
Апошнiя водгукi
4 года 6 недель назад
6 лет 31 неделя назад
6 лет 35 недель назад
7 лет 26 недель назад
7 лет 32 недели назад
7 лет 41 неделя назад
7 лет 45 недель назад
8 лет 4 недели назад
8 лет 14 недель назад
8 лет 30 недель назад