Паэма «Сымон-музыка»

Яшчэ не ацэнена

Якуб Колас увайшоў у нашу літаратуру як пісьменнік-рэаліст. Пра гэта сведчаць яго вершы, апавяданні, паэма «Новая зямля». А вось «Сымон-музыка» — твор рамантычны. I герой тут выключны, надзелены асаблівым дарам успрымаць душой усё багацце гукаў і зменлівых з'яў наваколькага свету. I пакутлівы лёс яго, выгнанага з бацькоўскага дому хлапчука, нельга лічыць звычайным, тыповым, рэалістычным.

Паэма «Сымон-музыка» — твор аб народных вытоках мастацтва і яго ролі ў жыцці народа, аб грамадзянскім абавязку мастака, а ў больш шырокім плане — аб духоўным адраджэнні народа ў змрочных умовах эксплуататарскага ладу. Увасоблены гэтыя праблемы ў пакутлівым лёсе таленавітага вясковага музыкі Сымона, у яго пошуках праўды і сэнсу жыцця. I што асабліва неспадзявана для аўтара паэмы — у формах рамантычнай вобразнасці.

У паэме з храналагічнай паслядоўнасцю апавядаецца пра блуканні і пакуты таленавітага вясковага музыкі. Прытым самі вандроўкі, сустрэчы з людзьмі паказаны рэалістычна пераканаўча, таксама, як і ранейшыя ўмовы жыцця хлопчыка.

У першапачатковым варыянце паэма мела падзагаловак «Казка жыцця». Гэтым самым падкрэсліваўся іншасказальны сэнс не толькі алегарычных уставак ці казак, але і ўсяго твора ў цэлым. Калі мы сочым за прыгодамі Сымона, мы бачым не проста лёс таленавітага, але абяздоленага вясковага хлопчыка, а лёс мастацтва наогул. А яно ва ўмовах эксплуататарскага ладу не можа існаваць самастойна, незалежна. Заўсёды знойдуцца дзеячы, якія будуць імкнуцца падпарадкоўваць яго сваім карыслівым мэтам. Такі вывад напрошваецца з усіх жыццёвых вандровак малога музыкі.

У паэтычнай гісторыі блуканняў і пакут, трывожных роздумаў і ідэйных пошукаў Сымона праглядваецца яшчэ не меней важная заканамернасць: валодаючы незвычайнай сілай уздзеяння на чалавека, мастацтва заклікана адыгрываць пераўтваральную ролю, яго найвышэйшае прызначэнне ў тым, каб змагацца супраць цемры, зла і несправядлівасці. Так, напрыклад, уздзейнічаюць песні чарадзейнага дубка на ўсё жывое:

I спяваў ён так прыўдала
У той час, як свет сціхаў,
Што аж неба замірала,
I зямля ўся замаўкала,
I дух згоды ахінаў
Тады ўсё яе стварэнне,
Тады ўсё слухала той спеў;
Чэзла зраднае насенне,
I знікалі злосць і гнеў.
Ажывала ноч глухая,
Зноў займаўся ясны дзень,
Затраслася сіла злая,
Чуе — кепска: згіне цень.

Усім разгортваннем падзей у паэме падкрэсліваецца думка аб дзейснай грамадскай ролі мастацтва. Прытым адна з найбольш надзённых задач мастацтва ў эксплуататарскім грамадстве — вызваліцца ад путаў, якія яго аблытваюць. Разняволенне мастака — вось найпершая, найбольш важная ўмова, якая можа адкрыць перад ім дарогу да здзяйснення яго сапраўднай місіі ў жыцці.

Адначасова паэт сцвярджае, што мастацтва — гэта пошукі адказу на спрадвечныя пытанні і загадкі быцця. Станаўленне Сымона як мастака пачалося з тых пытанняў, якія нараджала ў ім навакольная рэчаіснасць і якія ён ставіў перад сабой, перад дарослымі:

Што ёсць там, за тым унь гаем,
Дзе зляглі нябёс вянцы?
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
I снуецца думка тая,
Каб пашырыць свой прастор;
Думка ўсюды залятае:
За сяло, за хвалі гор
I на хмаркі кіне вока,
Што, як гусанькі, плылі,
Запытае, як далёка
Тое сонца ад зямлі.
Як глыбок той прастор немы,
I ці мерыў яго хто?

Так пашыраліся далягляды Сымонкі, так адбывалася станаўленне яго мастацкай індывідуальнасці. I з гэтай глыбокай зацікаўленасцю таямніцамі навакольнага свету было звязана светлае пачуццё адзінства з прыродай, радасць натхнёнай імправізацыі. У той жа час неадольная супярэчнасць паміж марай і рэчаіснасцю, паміж светам фальшы, маны, гешэфтаў і першародна чыстымі крыніцамі духоўнасці не дазваляла юнаму герою мірыцца з яго становішчам жабрака, парабка ці нахлебніка магутнага князя.

Вымушаны самастойна прабівацца праз жыццё, Сымонка не падладжваўся пад настроі тых, ад каго залежыў яго лёс, прагнуў «жыць праўдзіва, а не так». Малога музыку не маглі перайначыць ні хітрыкі жабрака (з яго паўсядзённымі павучаннямі і казкай пра варону-хвальбону), ні мутная плынь карчомнага быту, ні багацце князя ці страх перад уладай магната, ні ўся затхлая атмасфера прыслужніцтва і ліслівасці перад мацнейшымі, што панавалі ў замку.

Лёс Сымона сумны і цяжкі, і таму можа здавацца, што ў ім мала рамантычнага. Але ўзнёслай, непахіснай і сапраўды рамантычкай стала духоўная вернасць героя родным вытокам, свайму прызванню. Гэтай вернасцю тлумачацца ўсе яго паводзіны і светаадчуванне.

Нечаканым выпрабаваннем на цярністым шляху да праўды, да нейкіх нязведаных вяршынь з'явілася сустрэча з Ганнай. Гэта выпрабаванне тым больш сур'ёзнае, што ён сустрэў ласку, якой у жыцці не ведаў, душэўную цеплыню, што сагрэла яго небывалай радасцю. I тым не менш ён пакідае не толькі дзеда, што зусім апраўдана і зразумела, але і сям'ю, дзе пазнаў спагаду і адчуў радасць першага кахання.

Больш натуральнымі з'яўляюцца ўцёкі ад Шлёмы. У карчмара ён не бачыў нават звычайнай чалавечнасці. Тут яго талент «друзіўся на пыл». I духоўна ў яго не магло быць нічога агульнага ні з карчмаром, ні з наведвальнікамі карчмы.

Служба ў Шлёмы — заканамернае звяно ў ланцугу блуканняў Сымона, яно ўзбагачае яго веды аб жыцці. Але тая служба, якую лепш было б назваць зняволеннем, магла не толькі «здрузіць на пыл» талент музыкі, але і ператварыць Сымона ў гандляра, заняволіць духоўна, прымусіць думаць толькі аб сённяшнім дні, навучыць махлярствамі выкручвацца ад махлярстваў гаспадара. Калісьці ж і жабрак вучыў яго: «Зверам будзь сярод звяроў, між авечачак — ягнёнкам». Калі б гэтыя словы трапілі на падатлівую глебу, Сымон у карчме мог бы страціць пачуццё адказнасці за свой талент і пачаць рабіць са скрыпкай самастойныя «гешэфты». Такая «вучоба» ў жабрака і карчмара магла прывесці да прыстасавальніцтва і, урэшце, — да духоўнай спустошанасці.

Гэтага не здарылася. Наколькі непахісна юны музыка вытрымаў усе выпрабаванні, сведчыць яго далейшы шлях. Пасля жабрацкіх блуканняў, у час якіх ён зведаў голад і холад, пасля карчомнай няволі, куды трапіў са сваёй скрыпкай, Сымон апынуўся раптам у такіх умовах, пра якія ніколі і не сніў. Светлы пакой, добрае адзенне, поўнае ўтрыманне і права іграць, колькі сабе хочаш. I здавалася — дастаткова руку працягнуць, каб напіцца з жыватворнай крыніцы кніжнай мудрасці і пазнаць казачны свет музыкі, якую стваралі людзі ў розныя эпохі. I не так ужо шмат як быццам для гэтага трэба было: усяго толькі прынізіцца перад панам, стаць падобным на тых, што абціраліся пры двары магната. Былі ў князя і сіла і багацце. Яго акружалі людзі, гатовыя выканаць любое панскае патрабаванне ці жаданне. Атмасфера ўгодніцтва, што панавала ў замку, магла скалечыць любога чалавека, асабліва таго, хто перанёс столькі пакут.

Тады Сымону давялося б пераступіць праз той нябачны парог, які ўвесь час адгароджваў яго ад свету жыццёвай фальшы, маны, карыслівасці. Гэта азначала б здрадзіць сабе, духоўнаму запавету дзеда Курылы. I музыка не прынізіўся, захаваў вернасць рамантычнай мары, якая няўхільна вяла да асэнсавання сацыяльнай несправядлівасці і неабходнасці непрымірымай барацьбы.

Якуб Колас падводзіць свайго героя да нейкай буры. Таямнічы стук сякеры, маланка, што збівае вежу замка, нечаканая смерць магната — поўныя глыбокага сацыяльнага сэнсу рамантычныя алегорыі тых патрасенняў і змен, якія ў свядомасці чытача могуць асацыіравацца толькі з рэвалюцыяй. Гэтыя падзеі, сугучныя жаданням Сымона і яго вернага сябра старога палешука, дапамагаюць ім знайсці дарогу да вызвалення, да здзяйсненкя запаветных мар. Акрылены свабодай і каханнем да Ганны, якую ён будзіць ад глыбокага сну, юны герой ідзе ў свет, каб несці людзям «песень дар, агонь душы і сэрца жар». Так пераадольваецца зачараванае кола сацыяльнага бяспраўя, якое закрывала перад селянінам дарогу ў шырокі свет. Такі канец стаў магчымы дзякуючы рамантычнай канцэпцыі твора.

Сымону ўвесь час даводзілася змагацца за кавалак хлеба, за незалежнасць, за права іграць так, як патрабавала сумленне. Адолець усе перашкоды дапамагло чыстае, незаплямленае пачуццё адказнасці за свой талент, вера ў свае сілы, сувязь з народам і з жыватворнымі крыніцамі жыцця.

У аснову ідэйнага зместу паэмы пакладзена аптымістычная думка аб неўміручасці сапраўднага мастацтва. Але талент можа развівацца, узбагачацца і ў поўную сілу выявіцца толькі тады, калі мастака натхняюць высокія грамадскія ідэалы.

Музей Якуба Коласа

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі