Гаворачы пра творчасць Якуба Коласа, мы шмат разоў можам ужываць слова «ўпершыню». Іменна ён першы ў гісторыі беларускай літаратуры, узбагачаючы і ўзнімаючы на новы, вышэйшы ўзровень традыцыі Францішка Багушэвіча і Янкі Лучыны, так глыбока зазірнуў у псіхалогію і душу працоўнага селяніна. У апавяданнях «Васіль Чурыла» і «Малады дубок» чытачу перадаюцца перажыванні бяспраўных, але гордых жыхароў беларускай вёскі — лесніка Васіля Чурылы і селяніна Максіма Зарубы. Верш «Маці» — гэта эпічны, але ў кожнай сваёй дэталі эмацыянальны і лірычны малюнак аднаго вечара, аднаго эпізода ў пакутлівым лёсе беднай сялянскай удавы — самотнай, бездапаможнай перад варожымі сіламі сацыяльна-грамадскага ладу, але не зломленай. Мы быццам слухаем, прапускаючы кожнае слова праз свае пачуцці, яе ўспаміны-споведзь пра тыя нягоды, якімі так багата было жыццё сялянкі. Разам з ёю хвалюемся за лёс сына, які трапіў у астрог за тое, што спрабаваў дабівацца справядлівых парадкаў, успамінаем і мужа яе, што марыў аб незалежнасці, аб уласным кавалку зямлі, але загінуў, так і не дачакаўшыся нічога.
Якуб Колас першы даў панарамнае асэнсаванне жыцця народа ў шматлікіх сваіх творах. Пісьменнік з'явіўся адзіным у гісторыі беларускай літаратуры аўтарам «Казак жыцця» з іх мудрым, увасобленым ў алегарычных вобразах поглядам на чалавека, грамадства, на свет і гісторыю. Ён аднолькава шырокі след пакінуў у паэзіі і прозе.
Але над усімі творамі яго ўзвышаюцца манументальныя паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогія «На ростанях». Яны з'явіліся велічным гімнам чалавеку працы, багаццям яго духоўкага свету.
Так склалася, што паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка», задуманыя і часткова напісаныя ў 1911 г., напярэдадні першай сусветнай вайны, яшчэ ў часы самадзяржаўнага дэспатызму, памешчыцкага самавольства і народнага бяспраўя, былі завершаны канчаткова толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, пасля доўгіх пакутлівых гадоў ваенных ліхалеццяў і страшных катаклізмаў, у якіх ламаўся стары, ненавісны свет і нараджаўся новы. А творы коласаўскія былі пра той стары свет, на які аўтар ужо ў новы час мог аглядвацца з вышыні новых здзяйсненняў.
У час завяршэння паэм Якуб Колас ужо бачыў зусім новую перспектыву, якую сацыялістычны лад адкрываў перад краінай, перад народам. Пасля перамогі Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі зямля, пра якую так марылі героі пісьменніка, стала ўсенароднай уласнасцю. Бяры і працуй на ёй. Моладзі з вёскі адкрылася дарога ў свет навукі, мастацтва, культуры, і станавілася яна з кожным годам усё больш шырокай, усё больш заманлівай. Але каб ацаніць належным чынам новае, трэба было лепш знаць старое, не забываць пра яго. Сам Колас жа — ой як добра яго ведаў! Меў ён за спіной не толькі вучобу ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, што ў тыя часы было такім вялікім здабыткам і шчасцем для выхадца з сялянскага асяроддзя. Меў за сабой і доўгія гады натхнёнай, самаадданай творчасці. Але не было ў яго да рэвалюцыі ўпэўненасці, што яго песні і апавяданні на роднай мове знойдуць дарогу да чытача, сустрэнуць прыхільны водгук ці ласку. I былі такія пакутлівыя роздумы над лёсам народа і недазволеная, «крамольная» дзейнасць, якая — як натуральны вынік — закончылася трохгадовым зняволеннем, і затым блуканні па Беларусі з такім натуральным жаданнем знайсці нейкі надзейны прытулак і вярнуць сабе права на працу.
I тая рэчаіснасць, тое жыццё, той лёс і яго самога і яго народа прасіліся на старонкі твораў — як напамін аб мінулым, як заахвочванне для будаўнікоў новага грамадства. Таму вось аўтарскае прысвячэнне да «Сымона-музыкі» аднолькава падышло б і да «Новай зямлі»:
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
Ад шолаху начэй,
Ад тысячы ніцей,
З якіх аснована і выткана жыццё
I злучана быццё і небыццё, —
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
I выхаду шукаў
Адбітак родных з'яў
У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.
Паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка» ўвабралі ў сябе ўсё тое лепшае, што было ў коласаўскай лірыцы і прозе — і ў ідэйным плане і ў мастацкім. Яны ўяўляюць сабой зусім новую ступень у творчым росце самога паэта ды і ў станаўленні ўсёй беларускай літаратуры.
Даўно ўжо адышла ў нябыт старая Беларусь, старая вёска з яе галоўным клопатам пра зямлю і хлеб надзённы, з усімі яе трывогамі, надзеямі і патрабаваннямі. Але якімі блізкімі і зразумелымі, дзякуючы творам Якуба Коласа, з'яўляюцца нам перажыванні простых людзей, паўсядзённы побыт сялян, іх духоўны свет! Са старонак коласаўскіх твораў вёска ажывае перад намі ва ўсіх сваіх праявах, вялікіх і малых, у сваім знешнім выглядзе (такім, якім ён быў ва ўсе поры года, пры розных абставінах), з раскрыццём маральных норм, светапогляду, уяўленняў, паводзін, жыццёвай мудрасці і заблуджэнняў яе жыхароў. Тут наша мінулае. I тут мы знаходзім тое, без чаго мы не зможам не здолеем жыць, як без хлеба надзёнкага — гэта любоў да роднай зямлі...
Сёння мы маем усе падставы гаварыць, што, дзякуючы творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, іх паплечнікаў і паслядоўнікаў, беларуская літаратура нясе свой шчодры дар сусветнай культуры.
Апошнiя водгукi
4 года 1 день назад
6 лет 24 недели назад
6 лет 29 недель назад
7 лет 19 недель назад
7 лет 26 недель назад
7 лет 34 недели назад
7 лет 38 недель назад
7 лет 49 недель назад
8 лет 7 недель назад
8 лет 23 недели назад