Да 25-й гадавіны БССР
Мой край ясназоры! Прайшоў ты нямала
Шырокіх і вузкіх дарог.
I смутак, і гора цябе абнімала,
Ды ты іх пазбыў, перамог.
Ішлі мы ў прасторы шырокай пуцінай,
Як сейбіты згоды, дабра;
Свяцілася неба над полем, далінай,
У іскрах світання — зара.
Купаліся далі ў ласкавай сінечы,
Нас вабілі новыя дні.
Зямля разгарнула магутныя плечы,
Прасторы, куды ні зірні.
Гайдаліся пожні, як хвалі на ветры,
Сады маладыя цвілі,
I сталі балотныя дзікія нетры
Дзівотамі новай зямлі.
I новыя песні ў народзе звінелі,
Як голас юначкі-вясны,
I засевы шчасця вакол зарунелі —
Збываліся мары і сны.
Ды хлынула плойма грабежнікаў дзікіх,
Разбурыла, край мой, цябе,
I вецер сягоння пад стогны і крыкі
Сумуе з табою ў журбе.
Мой край ясных даляў! У дзень навагодні
Прымі з пажаданнем прывет,
Каб сонца і зоры з глыбіняў усходніх
Свяцілі святлом добрых лет;
Каб трупамі леглі ўсе псы-душагубы,
Фашысцкі звярыны бярлог;
Каб подлыя каты, як іхнія кубэ,
У дом свой не мелі дарог.
Мой край яснавокі і вы, людзі-брацці!
Распалім жа помсты пажар,
Фашысцкую погань, народаў пракляцце,
Зніштожым, як гадаў-пачвар.
Апошнiя водгукi
4 года 1 день назад
6 лет 24 недели назад
6 лет 29 недель назад
7 лет 19 недель назад
7 лет 26 недель назад
7 лет 34 недели назад
7 лет 38 недель назад
7 лет 49 недель назад
8 лет 7 недель назад
8 лет 23 недели назад