I
Вось што, дзеткі, мае краскі:
Што хадзіць за многа міль?
Можа лепей замест казкі
Расказаць вам адну быль?
Згодны?
Добра.
Ну дык вось:
Зваўся хлопчык наш Савось.
Ой, і быў жа ён дураслівы!
У сад лазіў па грушы, па слівы,
Дзіркі ў градах рабіў —
Моркву вырваць любіў,
I маку ён скручваў галоўкі, —
Ну, на гэта быў страх які лоўкі!
А рукі ў яго не мыты,
А сам ён сярдзіты,
Такі задзірака,
Такі забіяка,
Буян,
Грубіян.
Зачэпіць старога,
Пакрыўдзіць малога, —
Такі ўжо нягоднік,
Ды гэтакі шкоднік!
Бегаў загуменнямі,
Кідаўся каменнямі,
Пападаў у шыбы, —
Хоць гані з сялібы!
Меў на зло смякалку, —
Зніме з вежы галку,
I такі гарачка,
Няхай яго качкі!
II
У Савосева суседа
Быў пярэсценькі каток,
Выхаванец Паўла-дзеда,
Такі слаўны пестунок!
Нос чарнявы,
Хвост бялявы,
Задзірасценькі;
Кіпцік-шчыпчык
Заграбасценькі;
Лапкі-драпкі
Машастовыя,
А шарсціначкі
Шаўковыя;
Губкі, зубкі
Адмысловыя;
Вусы-русы
Патырчастыя;
Тая спінка,
Як націнка,
Выгінастая.
Вушкі-слушкі
Не мыляюцца,
Вочкі ў ночку
Запаляюцца.
Ну, такі каток харошы,
Як драпянка за тры грошы!
Хадзіў коцік пад масток,
Лавіў рыбку за хвасток,
Потым дзеду ён на печы
Казкі-байкі варкаваў,
Белым хвосцікам дарэчы
Тахты спевам адбіваў.
Коцік з дзедам жыў у згодзе,
Не сварыліся за печ.
Быў раз коцік на паходзе —
На мышэй падняў ён меч!
Шоў каток з паходу,
Разагнаўшы мышак,
I сеў на калоду
Пад стрэшку ў зацішак.
Грэе сабе спінку,
Мордачку і лапкі.
Зірк — Савось з будынку
Выскачыў без шапкі!
За Савосем — Рудзька.
— Кусі ката, цюцька!
Коцік бедны ўвесь жахнуўся,
Ды на шчасце быў тут плот,
А пры плоце дуб, — і кот
Толькі фыркнуў, мільгануўся
I на дубе апынуўся.
Сеў каток
На дубок,
Кажа забіякам:
— Эх, Савось, шалапай!
Ты мяне не чапай
I не цкуй сабакам!
Не ўдалося Савосю
Катка падкусіць
I прыйшлося Антося
На помач прасіць.
III
Вось Савось
I Антось
Сталіся дружакі.
Каля клуні стаяць,
На ліхое таяць,
Закідаюць знакі,
Як злавіць ім катка
I аддаць з малатка
Рудзьку на расправу.
Падшывальцы ж яны,
I іх розум дурны
Выдумаў забаву!
А па тэй нарадзе
Саўка торбу крадзе,
Анцік — хлеб сабаку.
А каток на печы
Сеў, як той старэчы,
Яму і не ў знаку.
Эх, пярэсценькі каток!
Сцеражыся ты, браток!
Не хадзі ты па надворку,
Не хадзі гуляць на горку —
Там бяда цябе чакае,
Сам не ведаеш якая.
Асцярожненька хадзі,
За Савосем ты глядзі,
Бо Савось замысліў штось,
Нездарма з ім і Антось.
Затаіўся ў кутку
Наш Савось і катку
Замаўляе зубы
Для кацінай згубы:
«Ах ты, коцічак мой!
Які файны ты, ой!
Што за спіначка!
Ну, карціначка!
Ідзі, коцік, да мяне,
Не пакрыўджу цябе, не!
А якія вочкі!
Бачаць сярод ночкі.
А якія лапкі!
Ды як яны цапкі!
Ах ты, мой каточак,
Чорненькі насочак!
Ідзі ж, коцік, да мяне:
Не пакрыўджу цябе, не».
Яўкнуў коцік, выгнуў спінку,
Хвост падняў, як корбу,
Але ў тую жа хвілінку —
Шусь каток у торбу!
IV
I катка панеслі ў поле,
А там чыста — ні кусточка,
Ні хвілінкі, ні дубочка,
Адны межачкі ды ролі.
Няма дзе катку схавацца:
Чуць сінее лес далёкі,
I сяло за тры валокі, —
Як катку там ратавацца?
Плача ў торбе коцік, плача:
— Мяў, мне душнаі Мяў, мне цесна!
Б'ецца сэрцайка балесна,
Бо мне грозіць смерць, няйнача!
Кот бурчыць і гурчыць,
Лапамі дзярэцца,
А Савось хоць бы што —
Цешыцца, смяецца.
— Ну, спыніся, Антось,
Падзяржы сабаку:
Толькі выпушчу ката,
Цкуй тады ў атаку.
Адышоўся Савось,
Анцік прытаіўся,
I тут коціку астрог
Раптам адчыніўся.
З торбы выскачыў, прысеў —
Трэба ж разглядзецца.
Зірк — там рудзька! Што рабіць?
Дзе яму падзецца?
— Цкуй! Пускай! — крычыць Савось.
— Кусі ката, Рудзька!..
Ша! чаго ж так закрычаў
Наш Савось нялюдска?
Глянуў Анцік — вось дзівота!
Вось дзе ліха, вось бяда!
Што зрабіла ім дурота
I што сталася з ката!
Вось папаліся дзе змоўцы —
Проста шкода малышоў:
На Савосевай галоўцы
Коцік схованку знайшоў!
Лямантуе бедны Саўка,
Ашалелы, чуць жывы:
Кот упіўся, ну, як п'яўка,
I не знімеш з галавы!
Запусціў кіпцюр у скуру
Аж да самае касці.
Скача Саўка з таго дуру
Ды крычыць: «Пусці! Пусці!»
Рудзька круціцца навокал,
Брэша, цапае катка.
Ай, Савоська, ты мой сокал!
Справа дрэнна і брыдка!
Ой, нагараваліся,
Ой, бяды набраліся
Хлопцы з тым катом!
З поля як вярталіся,
Людзі з іх смяяліся,
Ды дружна, гуртом.
Шоў Антось уперадзе,
Рудзьку вёў на прывязі,
Пазіраў уніз,
А Савось наводшыбе,
На галоўцы з коцікам,
Шэпчучы: «Кіс-кіс!»
I хоць ён не піянер,
А чырвоны меў каўнер.
Савось-распусник
Чытала сама, чытала дзецям, а зараз з задавальненнем буду чытаць унучцы... Цудоуны верш!Зразумалы, даступны, з павучальным зместам...Дзякуй Якубу Коласу за спадчыну!
Мильён разоу паставилаб -
Мильён разоу паставилаб - выдатна!!!!!!! З малых гадоу ад свайго дзядули чула гэтыя вершы, ён ведау их на памяць... И зараз яны гучаць у маёй галаве!!!
Спасибо !!!
Бабушка рассказывала это стихотворение. И говорят я сам его знал наизусть все. К сожалению сейчас и абзаца не помню. Еще раз СПАСИБО !!!!!
да. очень приятно снова
да. очень приятно снова вспомнить как бабушка когда-то часто мне рассказывала этот стих. я и ребенку своему перед сном рассазываю
што ж здарылася - бабуля у дзяцинстве чытае верш па-беларуску
што ж здарылася - бабуля у дзяцинстве чытае верш па-беларуску - а усе каменты па-расейску?
падзяка
я гэты верш слухау з вуст майго дзеда, ён яго знау ад школы. Вельми прыемна яго зараз чытать
СПАСИБО...НА МГНОВЕНИЕ
спасибо...на мгновение вернулась в детство!!!!))))
Очень долго искала это
Очень долго искала это произведение, наконец-то нашла!!!
bhajravi
дзякуй!)
Моей маме 61 год и она часто
Моей маме 61 год и она часто вспоминает это стихотворение, которое выучила ещё в школе. Спасибо за детские воспоминания.
Очень долго искал. Спасибо
Очень долго искал. Спасибо большое. Этот стих мне дедушка и бабушка рассказывали. Приятно вспомнить......
Спасибо))) Мне в детсве
Спасибо))) Мне в детсве бабуля рассказывала и очень было приятно прочитать и вспомнить приятные минуты...
Дзякуй за выкладку верша.
Дзякуй за выкладку верша. Маёй дачцы спадабауся. На жаль, сучасных дзяцей не прымусiш нешта падобнае самастойна чытаць...
Детские стихи, стихи из маминого детства.
Классика есть классика! Спасибо классику!Чудо, а не стихи...