Зноў я бачу, зноў вітаю
Сілачоў вяльможных —
Па-над Нёманам у гаі
Гурт дубоў разложных.
Сам не ведаю, чым мілы,
Чым вы сэрцу любы,
Выхаванцы веку, сілы,
Магутныя дубы.
Чымся мілым, чымся родным
Ад вас павявае,
Аж мне сэрца ў спеў лагодны
Штосьці ахінае.
Ўзварухнуцца думкі-песні,
Як вашы лісцінкі,
I зноў станеш напрадвесні
Жыццёвай пуцінкі.
Цешуся я, пазіраю
На вас, вежы-дрэвы,
Цьмяна сэрцам прадчуваю
Вашы думкі-спевы.
Але шум не той я чую —
I вы парадзелі,
I вы не ўсе буру злую
Знеслі і здалелі.
Ой, асілкі ў ціхім гаі,
Дубы векавыя!
Я вітаю вас, вітаю,
Волаты любыя!
Апошнiя водгукi
1 год 44 недели назад
4 года 17 недель назад
4 года 21 неделя назад
5 лет 12 недель назад
5 лет 18 недель назад
5 лет 27 недель назад
5 лет 31 неделя назад
5 лет 42 недели назад
6 лет 2 дня назад
6 лет 16 недель назад